Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Давераная асоба Пуціна». Плякаты з фота беларускага акцыяніста Бохана зноў зьявіліся ў расейскіх школах


Абвестка пра сустрэчу з Уладзіславам Боханам у СШ № 14 гораду Юргі, 27 лютага 2024 году. Фота: тэлеграм-канал @ula_bo
Абвестка пра сустрэчу з Уладзіславам Боханам у СШ № 14 гораду Юргі, 27 лютага 2024 году. Фота: тэлеграм-канал @ula_bo

Беларускі мастак-акцыяніст Уладзіслаў Бохан, які праславіўся сэрыяй акцый у беларускіх і расейскіх школах, правёў чарговую акцыю «Выбар ужо зроблены. Акт 2»: прадставіўся даверанай асобай Уладзіміра Пуціна і папрасіў расейскіх настаўнікаў разьмясьціць аб’явы пра сустрэчы зь ім у школах.

Сутнасьць акцый Уладзіслава Бохана ў тым, што ён дасылае на электронныя адрасы школ ад імя розных дзяржаўных органаў патрабаваньне правесьці ў школе нейкую ідэалягічную акцыю, якую нібыта праводзяць па ўсёй краіне ці ў асобным рэгіёне, і даслаць у якасьці пацьверджаньня фота з праведзенай акцыі.

У лістах Бохан прасіў адміністрацыю школы правесьці вуснае інфармаваньне работнікаў пра «сустрэчу з Уладзіславам Боханам — даверанай асобай „нашага прэзыдэнта“ ад „Адзінай Расеі“», а таксама расклеіць улёткі з гэтай інфармацыяй.

Гэтым разам «даручэньне» пранкера выканалі настаўнікі дзьвюх зь сямі школ гораду Югра ў Кемераўскай вобласьці РФ, куды ён дасылаў лісты (школы № 14 і 15). У фае школы № 14 афішы з надпісам «За нашага прэзыдэнта!» трансьлявалі таксама на экране. Настаўнікаў не зьбянтэжыў нават QR-код на плякаце, які вядзе на канал Бохана.

Аб'ява пра сустрэчу з Уладзіславам Боханам на стэндзе СШ № 15 гораду Юргі, 27 лютага 2024 году. Фота: тэлеграм-канал @ula_bo
Аб'ява пра сустрэчу з Уладзіславам Боханам на стэндзе СШ № 15 гораду Юргі, 27 лютага 2024 году. Фота: тэлеграм-канал @ula_bo

«Плякат „даверанай асобы“ з такой трактоўкай „нашага прэзыдэнта“ з маім ганарлівым абліччам мог бы выклікаць падазрэньні — гэта раз. Я падпісаўся сваім імем — дастаткова ўвесьці запыт у Google, і стала б усё ясна — два. Проста на плякаце быў QR-код са спасылкай на мой канал. Але...» — напісаў Бохан пра акцыю.

Сутнасьць гэтай акцыі, як і мінулых, — «паказаць, якую ролю займаюць масы ў аўтакратычным грамадзтве», — пракамэнтаваў Уладзіслаў Бохан вынікі сваёй акцыі выданьню «Люстэрка».

«У большасьці ёсьць памылковае меркаваньне, што калі зьмяніць галаву, аўтакрата, то нешта зьменіцца. У сваім мастацкім акцыянізьме, які выліўся ў свайго роду сацыялягічнае дасьледаваньне, я разглядаю самыя нізы як субʼект аўтакратыі, які сам яе і спараджае», — тлумачыць задуму Ўладзіслаў.

Раней Бохан рассылаў беларускім і расейскім школам лісты з патрабаваньнем далучацца да розных флэшмобаў. Напрыклад, прапаноўваў настаўнікам арганізаваць конкурс пад перафразаваным дэвізам СС і правесьці акцыю «Праца вызваляе». Тэлеграм-канал Бохана ў Беларусі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

На пытаньне «Люстэрка», чаму ён не праводзіў ніякіх акцый да нядаўніх выбараў у Беларусі, ён адказаў так:

«У Беларусі супраць мяне ўжо прынялі меры: у школы наўпрост пішуць або тэлефануюць з упраўленьня адукацыі. На іншыя арганізацыі навучальныя ўстановы ўжо не рэагуюць», — сказаў Уладзіслаў Бохан і дадаў, што былі выпадкі, калі ў адказ на лісты, якія ён адпраўляў у беларускія школы, яму прыходзілі паведамленьні: «Уладзіслаў Бохан, гэта вы?».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG