Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраванага ў згвалтаваньні беларускі ў цэнтры Варшавы арыштавалі на тры месяцы


Здымак паліцыі пасьля затрыманьня падазраванага ва ўчыненьні злачынства
Здымак паліцыі пасьля затрыманьня падазраванага ва ўчыненьні злачынства

Арыштаванаму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

Арышт пацьвердзіў у інтэрвію tvp.info прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Варшаве Шыман Банна.

«Суд задаволіў хадайніцтва пракуратуры і прызначыў 23-гадоваму мужчыну арышт на тры месяцы. Суд адзначыў, што сабраныя на цяперашнім этапе разгляду доказы сьведчаць аб высокай верагоднасьці зьдзяйсьненьня інкрымінаванага яму дзеяньня», — сказаў Банна.

Напад адбыўся ў нядзелю, 25 лютага, на вуліцы Журавяй у самым цэнтры Варшавы. 25-гадовая беларуска вярталася дадому, калі на яе напаў мужчына ў масцы.

«Зламысьнік падышоў да сваёй ахвяры ззаду і прыставіў да яе шыі нож. Душачы жанчыну і закрываючы ёй рот, ён сілай адцягнуў яе да суседняй брамы. Аголеную жанчыну, якая ляжала на сходах без прытомнасьці, знайшоў вартаўнік і паведаміў пра ўсё ў паліцыю», — расказаў старшы інспэктар Робэрт Шумята з паліцэйскага пастарунку ў цэнтры польскае сталіцы.

Празь некалькі хвілін на месца злачынства прыбылі паліцыянты, якія выклікалі хуткую дапамогу і да яе прыезду аказвалі пацярпелай жанчыне першую дапамогу. Жанчыну даставілі ў лякарню ў крытычна цяжкім стане.

У той жа дзень затрымалі падазраванага ў гэтым злачынстве.

«23-гадовага падазраванага затрымалі, калі ён выходзіў з дома, дзе наймаў кватэру. Ён быў зьдзіўлены і не супраціўляўся. Падчас агляду памяшканьня, якое ён наймаў, міліцыянты знайшлі і вынялі, сярод іншага, вялікі кухонны нож і балаклаву, якія, праўдападобна, выкарыстоўваліся пры зьдзяйсьненьні злачынства. Ужо вядома, што зламысьнік выкраў у ахвяры два мабільныя тэлефоны, некалькі плацежных картак і гаманец. Усе гэтыя прадметы міліцыя выняла», — растлумачыў Шумята.

Як перадаў партал NaTemat са спасылкай на радыё RMF FM, у памяшканьні пры ператрусе была дзяўчына затрыманага. Яна была ў шоку, калі даведалася, у чым падазраюць ейнага хлопца. У доме знайшлі таксама кнігу пра сэксуальныя злачынствы.

Выданьне Fakt піша, што некаторыя людзі не зрэагавалі належным чынам на небясьпеку, якая адбывалася побач. Вартаўнік, які заўважыў пацярпелую і апавясьціў паліцыю, ішоў на сваю ранішнюю зьмену.

Падрабязнасьцяў першага допыту падазраванага паліцыя не падае. Вядома, што ён адбыўся 27 лютага.

Затрыманаму выставілі абвінавачаньне ў разбоі, сэксуальных злачынствах і замаху на забойства з ужываньнем небясьпечнай зброі. За гэтыя дзеяньні яму пагражае ад 15 гадоў турмы да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Беларуска цяпер у шпіталі ў вельмі цяжкім стане. Застаецца пагроза яе жыцьцю. На яе лячэньне патрабуецца 800 000 злотых. За першы дзень збораў, на момант публікацыі, сабралі звыш 330 тысяч.

МЗС Беларусі накіравала запыты ў праваахоўныя органы Польшчы ў сувязі з нападам на беларуску ў Варшаве. «У беларускія замежныя ўстановы ніякіх зваротаў альбо афіцыйнай інфармацыі па гэтым пытаньні не паступала. Адпаведныя запыты накіраваныя ў праваахоўныя органы Польшчы», — заявілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG