Да другой гадавіны вайны ва Ўкраіне выданьні «Медиазона» і «Медуза» апублікавалі другую частку супольнага дасьледаваньня расейскіх стратаў. Выкарыстоўваючы мэтад, распрацаваны паўгода таму, выданьні назвалі колькасьць загінулых расейцаў на канец 2023 году, і прыблізна параўналі страты расейскіх і ўкраінскіх вайскоўцаў, паводле зьвестак з адкрытых крыніцаў.
«Медуза» і «Медиазона» ў ліпені 2023 году выпусьцілі дасьледаваньне, у якім дзякуючы пайменнаму сьпісу загінулых і рэестру спадчынных спраў змаглі разьлічыць рэальную сьмяротнасьць мужчын у Расеі. На другую гадавіну вайны журналісты зноў выкарыстоўвалі гэты мэтад, каб разьлічыць залішнюю сьмяротнасьць ужо на канец 2023 году.
Паводле ацэнкі журналістаў, да 1 студзеня 2024 году на вайне загінула 75 тысяч расейскіх мужчын ва ўзросьце да 50 гадоў без уліку войскаў самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР».
Выданьні адзначаюць, што 75 тысяч — гэта статыстычная ацэнка, якая залежыць у тым ліку ад выпадковасьці. Найбольш верагодна, што рэальная колькасьць стратаў знаходзіцца ў прамежку ад 66 да 88 тысяч чалавек.
Акрамя таго, распрацаваны мэтад не дазваляе бачыць страты за апошнія месяцы. Калі выказаць здагадку, што тэмп прыросту стратаў застаецца ранейшым (~ 3900 чалавек у месяц), тая колькасьць загінулых на сёньняшні дзень — каля 83 тысяч чалавек.
Хаця лінія фронту да другога году вайны практычна замерла, тэмп стратаў значна вырас. У 2022 годзе, на які прыпала некалькі маштабных наступаў і адступленьняў расейскай арміі, а таксама пачатак штурму Бахмута, загінула каля 24 тысяч чалавек. У 2023 годзе гэтая колькасьць вырасла больш чым удвая — да 50 тысяч.
Штурм Бахмута па-ранейшаму застаецца самай кровапралітнай апэрацыяй з пачатку вайны, адзначаюць журналісты. У пэрыяд самых цяжкіх баёў на гэтым напрамку ў студзені-сакавіку 2023 году расейскае войска губляла забітымі да 2 тысяч чалавек штотыдзень па ўсім фронце. Вялікая частка загінулых — гэта зьняволеныя, завэрбаваныя ў «ПВК Вагнэра».
Пасьля захопу Бахмута страты зьнізіліся, але па-ранейшаму засталіся на ўзроўні, які пераўзыходзіць першыя дні вайны. З кастрычніка-лістапада 2023 году прырост колькасьці загінулых павялічыўся зноў — верагодна, з прычыны баёў за Аўдзееўку.
Меркаваная колькасьць параненых, паводле разьлікаў журналістаў, склала за два гады каля 130 тысяч чалавек.
Спроба ацаніць страты ўкраінскага боку
Выданьні таксама паспрабавалі ацаніць суадносіны стратаў Узброеных сіл Украіны і войскаў РФ, узяўшы за аснову зьвесткі базы на сайце ананімнага праекту UALosses, які запусьціўся 31 сьнежня 2023 году. На момант публікацыі гэтага тэксту ў сьпісе UALosses 42 152 імя. (Чаму журналісты палічылі базу надзейнай, падрабязна можна пачытаць тут.)
Супаставіўшы ўсе зьвесткі, яны робяць выснову, што верагодна, рэальныя суадносіны ваенных стратаў Расеі і Ўкраіны ляжаць у дыяпазоне ад 1 да 1 да 2 да 1 на карысьць Украіны.