У Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі паведамілі, што цягам 2023 году ўзровень інфляцыі «ня толькі вярнуўся на мэтавую траекторыю», але і «некалькі разоў перапісаў гістарычны мінімум».
«Больш за ўзровень гадавой інфляцыі падаражэлі пазыцыі, цэны (тарыфы) на якія залежаць ад курсавых ваганьняў (напрыклад, садавіна — на 19,7%, міжнародны чыгуначны транспарт — на 27,7%, паветраны транспарт — на 15,6%, турыстычныя паслугі — на 25,3% і іншыя), гародніна (на 27,1%), айчынныя тавары мяса-малочнай групы, а таксама тавары (паслугі) у сфэры стала рэгуляванага цэнаўтварэньня», — працытавала выданьне «Позірк» паведамленьне міністэрства.
У Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі канстатавалі, што за 2023 год большасьць тавараў і паслуг «павялічыліся ў цане памяркоўнымі тэмпамі». Гэтаму спрыяла рэгуляваньне цэнаў.
Сярод рэгуляваных цэнаў «апераджальнымі тэмпамі павялічыліся цэны» на тытунёвыя вырабы (на 63,3%) і моцныя алькагольныя напоі (на 16,5%), а таксама на лекі (13,4%) і паслугі дашкольных устаноў (11,1%), тарыфы на камунальныя паслугі (8,7%) і пасажырскія перавозкі па чыгунцы рэгіянальных зносін эканом-клясы (на 20,8%), вышэйшай адукацыі (на 14%).