«Людзі настолькі запалоханыя, што нават паплечнікі па партыі не рызыкнулі паехаць праз пагрозы [затрыманьня]», – паведаміла «Позірку» крыніца, знаёмая з сытуацыяй.
Па словах суразмоўцы выданьня, на разьвітаньні была сястра палітвязьня, сын знаходзіўся на відэасувязі з Ізраіля. На вуліцы за людзьмі назіралі супрацоўнікі невядомых спэцслужбаў — з аўтамабіля «з чырвонымі нумарамі».
Журналіста і грамадзкага актывіста Ледніка затрымалі 12 красавіка 2022 году. Яго арыштавалі спачатку на 15 дзён, але на волю ён так ня выйшаў.
6 верасьня 2022 года суд Ленінскага раёну Менску (судзьдзя Тацяна Шоцік) пакараў Ледніка трыма гадамі пазбаўленьня волі паводле арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) у калёніі агульнага рэжыму за публікацыю ў партыйным часопісе «Пазіцыя».
У турме стан яго здароўя істотна пагоршыўся, яму зрабілі апэрацыю на страўнікава-кішачным тракце. Апроч гэтага, Ігар меў інваліднасьць 2-й групы з прычыны праблем з сэрцам.
Профіль Ігара Ледніка ў «Фэйсбуку» ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Як пішуць аднапартыйцы, Ігар Леднік актыўна выступаў за ліквідацыю «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі і лічыў, што Будапэшцкі мэмарандум быў парушаны ў Беларусі пасьля разгону Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, што прывяло да ўсталяваньня ў Беларусі дыктатуры, збліжэньня яе з Расеяй і падрыву эўрапейскай бясьпекі ў рэгіёне.