Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Поўнае глупства». Каардынатар польскіх спэцслужбаў пра заяву Лукашэнкі аб «падрыхтоўцы правакацыі» ў Варшаве


Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з кіроўным складам органаў дзяржаўнай бясьпекі, 20 лютага 2024 году
Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з кіроўным складам органаў дзяржаўнай бясьпекі, 20 лютага 2024 году

Каардынатар спэцслужбаў Польшчы Томаш Сямоняк у эфіры Radio ZET 21 лютага назваў «поўным глупствам» заяву Аляксандра Лукашэнкі пра «буйнамаштабную правакацыю супраць цывільнага насельніцтва Польшчы», якую нібыта рыхтуюць польская і амэрыканская выведкі і ў якой «абвінавацяць Расею і Беларусь».

Паводле Томаша Сямоняка, да падобных заяваў Лукашэнкі трэба ставіцца як «да элемэнтаў інфармацыйнай вайны», мэта якіх — «пасеяць напружанасьць, прыцягнуць да сябе ўвагу, мабілізаваць грамадзкую думку ва ўласнай краіне, паказаць Расеі, што ён настроены супраць Захаду і супраць Польшчы».

Пры гэтым каардынатар спэцслужбаў Польшчы не выключае, што словы Лукашэнкі могуць быць вынікам падрыхтоўкі якой-небудзь правакацыі супраць Польшчы з боку Беларусі і Расеі.

«Мы павінны вельмі ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, што кажа прэзыдэнт Лукашэнка і чым займаюцца мясцовыя спэцслужбы і войска», — адзначыў ён.

20 лютага на нарадзе з кіроўным складам дзяржаўных органаў сыстэмы бясьпекі ў Менску Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў польскую і амэрыканскую выведкі ў тым, што яны нібыта «рыхтуюць буйнамаштабную правакацыю супраць цывільнага насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расею і Беларусь».

Ніякіх пацьверджаньняў сваім словам Лукашэнка не прывёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG