Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп пракамэнтаваў сьмерць Навальнага бяз згадваньня Пуціна


Дональд Трамп на праймэрыз у 2024 годзе
Дональд Трамп на праймэрыз у 2024 годзе

У часе свайго прэзыдэнцтва ў 2017–2021 гадах Трамп выказваў захапленьне Пуціным. У 2018 годзе ён адмовіўся абвінаваціць расейскага лідэра ва ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары 2016 году і паставіў пад сумнеў высновы ўласных выведных службаў, чым выклікаў крытыку ўнутры краіны.

Прэтэндэнт на ўдзел у выбарах прэзыдэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп упершыню пракамэнтаваў сьмерць расейскага палітыка Аляксея Навальнага.

«Раптоўная сьмерць Аляксея Навальнага прымусіла мяне ўсё больш і больш усьвядоміць, што адбываецца ў нашай краіне», — напісаў Дональд Трам у сацыяльнай сетцы Truth.

«Гэта павольны, няўхільны рух уніз, калі радыкальна левыя ПАЛІТЫКІ-ЖУЛІКІ, пракуроры і судзьдзі вядуць нас па шляху разбурэньня. Адкрытыя межы, фальсыфікаваныя выбары і несправядлівыя рашэньні судоў зьнішчаюць АМЭРЫКУ. МЫ — НАЦЫЯ Ў ЗАНЯПАДЗЕ, НАЦЫЯ-БАНКРОТ!», — перакананы Трамп.

Як паведаміў «Голас Амэрыкі», Трамп не ўдакладніў свае аналёгіі паміж ЗША і сьмерцю Навальнага. Расейскі палітык цягам шматлікіх гадоў змагаўся супраць карупцыі ў пуцінскай Расеі, дзе кіруюць «жулікі і злодзеі».

На мінулым тыдні Дональд Трамп выступіў супраць рашэньня судзьдзі, які абавязаў яго выплаціць 355 мільёнаў даляраў у якасьці штрафу за завышэньне чыстага кошту свайго капіталу з мэтай падману крэдытораў і назваў гэтае рашэньне палітычна матываваным. Трамп рыхтуецца да чатырох крымінальных працэсаў, адначасова дамагаючыся вылучэньня кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі на маючых адбыцца выбарах прэзыдэнта.

Прэзыдэнт Джо Байдэн, як і галоўная суперніца Трампа ад рэспубліканцаў Нікі Гэйлі, прама абвінавацілі Ўладзіміра Пуціна ў сьмерці Навальнага. Колішнія прэзыдэнты ЗША і высокапастаўленыя сябры Кангрэсу ад абедзьвюх партый таксама асудзілі Ўладзіміра Пуціна. Трамп захоўваў маўчаньне да 19 лютага.

У часе свайго прэзыдэнцтва ў 2017–2021 гадах Трамп выказваў захапленьне Пуціным. У 2018 годзе ён адмовіўся абвінаваціць расейскага лідэра ва ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары 2016 году і паставіў пад сумнеў высновы ўласных выведных службаў, чым выклікаў крытыку ўнутры краіны.

Былая губэрнатар Паўднёвай Караліны Нікі Гэйлі, якая 24 лютага будзе супрацьстаяць Дональду Трампу на праймэрыз у гэтым штаце, назвала ягоную рэакцыю непатрыятычнай.

«Дональд Трамп мог бы асудзіць Уладзіміра Пуціна за тое, што той зьяўляецца крыважэрным забойцам. Трамп мог бы пахваліць мужнасьць Навальнага», — напісала яна на плятформе X. Замест гэтага, паводле яе, экс-прэзыдэнт асудзіў Амэрыку і параўнаў яе з Расеяй. Яна таксама заявіла, што Трамп «стаў на бок дыктатара, які забівае сваіх палітычных апанэнтаў».

Ліз Чэйні, намесьніца старшыні камісіі Кангрэсу, якая расьсьледуе штурм Капітолію 6 студзеня 2021 году, у мінулым дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ЗША ад рэспубліканцаў, нагадала аб частых абяцаньнях Трампа «расправіцца» з палітычнымі апанэнтамі, калі ён вернецца да ўлады.

«Тое, што Ўладзімір Пуцін зрабіў з Навальным, — гэта тое, як выглядае адплата ў краіне, дзе лідэр не падпарадкоўваецца вяршэнству закону», — заявіла Чэйні ў 18 лютага.

  • Расейскія ўлады паведамілі пра раптоўную сьмерць Навальнага ў калёніі 16 лютага.
  • Тады ж паведамленьні пракамэнтавалі лідэры краінаў Захаду. Многія зь іх, акрамя выказваньня спачуваньняў, таксама ўсклалі адказнасьць за сьмерць апазыцыянэра на расейскія ўлады і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, падкрэсьліўшы, што Навальны спачатку быў атручаны, меркавана на загад расейскіх уладаў, а потым, па вяртаньні ў Расею, кінуты за краты за сваю апазыцыйную дзейнасьць.
  • Краіны «групы сямі» заклікалі Маскву старанна расьсьледаваць і апублікаваць акалічнасьці гібелі палітыка.
  • З моманту, калі ўпраўленьне службы выкананьня пакараньняў Расеі па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе паведаміла пра сьмерць Аляксея Навальнага, у Сьледчы камітэт Расеі накіравалі 46 464 запыты аб выдачы цела палітыка сваякам.
  • У морг Салехарда, дзе павінна знаходзіцца яго цела, не пускаюць маці і адвакатаў Аляксея Навальнага. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка палітыка Кіра Ярмыш.
  • Расьсьледаваньне абставінаў гібелі Навальнага падоўжылі; колькі яно працягнецца, невядома, пра гэта маці палітыка паведамілі ў Сьледчым камітэце Расеі.
  • «Прычына сьмерці пакуль „нявызначаная“. Хлусяць, марнуюць час і нават не хаваюць гэтага», — напісала прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.
  • Як адзначае «ОВД-Инфо», працэсуальная праверка Сьледчага камітэту па факце сьмерці Навальнага дазваляе адтэрмінаваць выдачу яго цела сваякам на 30 дзён. Калі завядуць крымінальную справу, труп могуць не аддаваць і даўжэй.
  • Раней «Медиазона» публікавала відэа з камэр відэаназіраньня, усталяваных на пераезьдзе паміж Лабытнанга і Салехардам, у ноч на 17 лютага камэры фіксавалі рух картэжа ФСІН па пераезьдзе. Па словах журналістаў, знойдзенае імі відэа сьведчыць аб тым, што цела Навальнага спэцыяльна хавалі ад сваякоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG