Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Навальнага зноў ня выдалі цела палітыка і сказалі, што гэта адбудзецца не раней, чым праз 14 дзён


У Сьледчым камітэце Расеі заявілі, што ня выдадуць цела Аляксея Навальнага яшчэ 14 дзён — пакуль ідзе «хімічная экспэртыза».

Маці палітыка зноў не пусьцілі ў морг гораду Салехарда Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі, дзе можа знаходзіцца цела Навальнага. У СК маці паведамілі, што праверку сьмерці апазыцыянэра працягнулі. Пра гэта паведамляе прэсавая сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.

«Раніцай маці Аляксея і адвакаты прыехалі да трупярні. Унутр іх не пускаюць. Аднаго з адвакатаў літаральна выштурхалі. На пытаньне, ці там цела Аляксея, супрацоўнікі не адказваюць», — напісала Ярмыш у X (былы Твітэр).

Яна таксама паведаміла, што Сьледчы камітэт РФ працягнуў праверку абставінаў сьмерці палітыка.

«У СК маці і адвакатам сказалі, што праверка сьмерці Навальнага прадоўжана. Колькі яшчэ яна будзе ісьці — невядома. Прычына сьмерці па-ранейшаму „не ўстаноўленая“. Яны хлусяць, цягнуць час і нават не хаваюць гэтага», — напісала Кіра Ярмыш.

У сваю чаргу, паплечнік Навальнага Іван Жданаў паведаміў, што цела апазыцыянэра не пакажуць яго маці на працягу 14 дзён, пакуль сьледзтва праводзіць «хімічную экспэртызу».

Ён таксама назваў зацягваньне праверкі абставінаў сьмерці палітыка «зачысткай сьлядоў свайго злачынства».

«Мы праходзілі гэта пасьля атручваньня ў Омску. Праходзілі і з рэчамі, якія не аддавалі пасьля атручваньня. Штораз падаўжалі тэрміны праверкі і так і не аддалі нічога. Нахабна хлусяць, што вось-вось праз гадзіну ўсё вырашыцца,» мы зацікаўлены зрабіць усё як мага хутчэй". Беспрынцыпныя хлусы-лёкаі. Яны выдатна ведаюць, што праз гадзіну нічога ня будзе, і праз дзень. Зразумела, чым яны цяпер займаюцца. Зачышчаюць сьляды свайго злачынства. Чакаюць, калі супакоіцца хваля нянавісьці і лютасьці да іх«, — напісаў Іван Жданаў.

Як адзначылі ў «ОВД-Инфо», працэсуальная праверка Сьледчага камітэту па факце сьмерці Навальнага дазваляе адтэрмінаваць выдачу яго цела сваякам на 30 дзён. Калі будзе заведзена крымінальная справа, то цела могуць не выдаваць яшчэ даўжэй.

Маці і адвакат апазыцыянэра ўжо прыяжджалі ў морг Салехарда. Тады ўстанова была закрытая, а супрацоўнікі заявілі, што цела Навальнага ў іх няма. На пытаньне «Медиазоны» аб тым, дзе можа знаходзіцца цела палітыка, галоўны пазаштатны спэцыяліст па паталягічнай анатоміі Дэпартамэнту аховы здароўя Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі і загадчык паталягаанатамічнага аддзяленьня салехардскай акруговай бальніцы Сяргей Іўчанка не адказаў.

Пра раптоўную сьмерць Аляксея Навальнага ў калёніі расейскія ўлады паведамілі 16 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG