У лістападзе 2022 году Расея выдзеліла Беларусі крэдыт на 1,7 мільярда даляраў на імпартазамяшчэньне. Плянавалася, што за гэтыя грошы Беларусь будзе фінансаваць 12 праектаў у сфэры мікраэлектронікі і машынабудаваньня. Гэта ня значыць, што грошы далі адразу, адзіным плацяжом. Рэшту фінансаў Беларусь атрымлівала і цягам 2023 году.
Апошні кітайскі крэдыт Беларусь атрымлівала ў сьнежні 2019 году: 500 мільёнаў даляраў на рэфінансаваньне доўгу Маскве.
«Беларусь у поўнай меры ня плаціць па даўгах»
На думку экспэрта дасьледчага цэнтру Beroc Анатоля Харытончыка, пакуль адсутнасьць крэдытаў — ня вельмі вялікая праблема для беларускай эканомікі.
«Цяжка сказаць, у якім аб’ёме Расея давала грошы ў 2023 годзе, але яны былі. Гэтыя крэдыты маюць мэтавы характар, на нейкія праекты. Пакуль беларуская эканоміка моцна не пакутуе ад адсутнасьці крэдытаў. Раней быў вялікі аб’ём плацяжоў па дзярждоўгу, гэта было цяжка рабіць за кошт сваіх крыніц. Калі б Беларусь расплачвалася па сваіх абавязаньнях, гэта была б праблема. Цяпер абавязаньні перад заходнімі краінамі фактычна не аплачваюцца ці аплачваюцца ў беларускіх рублях. А Расея дала адтэрміноўку», — расказаў Анатоль Харытончык.
Да таго ж у мінулым годзе быў рост эканомікі, таму беларускім уладам удалося папоўніць бюджэт. А Беларусь не плаціла ў поўнай меры па даўгах. У сьнежні мінулага году Пуцін падпісаў закон, паводле якога выплаты па крэдытах пераносяцца на 6 гадоў. Таксама на год перанесьлі выплаты па крэдыце на будоўлю Беларускай АЭС — да красавіка 2024 году. Агулам Беларусь вінная Расеі 8,2 мільярда даляраў.
Цяпер Беларусь фактычна аддае доўг толькі Кітаю, агулам па даўгах сёлета мусяць выплаціць каля 2 мільярдаў даляраў.
«У гэтым годзе запаволіцца рост даходаў бюджэту, запаволіцца рост эканомікі. У год выбараў улады будуць спрабаваць паказаць рост ВУП. Калі фінансавая падтрымка з боку Расеі захаваецца, то Беларусь зможа закрыць дэфіцыт бюджэту — цаной большай залежнасьці. Любыя зьмены ці ўзрушэньні могуць прывесьці да недабору даходаў і больш нэгатыўных наступстваў, могуць скараціць сацыяльныя расходы», — кажа Анатоль Харытончык.
«Калі будуць праблемы — могуць павысіць падаткі»
У бягучым годзе Беларусь закладае ў бюджэт выкарыстаньне крэдытаў ад замежных краін у памеры 3,2 мільярда рублёў (крыху больш за 1 мільярд даляраў). Паводле эканаміста, «гэта ні пра што ня кажа», бо «гэтыя пляны могуць ня спраўдзіцца».
Калі ж крэдытная нагрузка сёлета стане занадта праблемнай, улады могуць пайсьці на павышэньне падаткаў і зьмяншэньне тратаў зь бюджэту.
«Калі Расея не дапаможа і будзе сур’ёзны шок у сусьветнай эканоміцы, ці ў расейскай, могуць узьнікнуць праблемы. Варыянтаў з гэтым змагацца два: павышаць падаткі ці скараціць выдаткі. Аднак сышлі ж і іншыя крэдыторы, Сусьветны банк і заходнія донары. А яны фінансавалі, напрыклад, будаўніцтва дарог, іншую інфраструктуру. І гэта цяпер легла на бюджэт», — дадае Анатоль Харытончык.
Беларусь ня можа атрымліваць дапамогу ад Сусьветнага банку і іншых сусьветных фінансавых арганізацый, а таксама ад заходніх краін. Гэта зьвязана з тым, што беларускія ўлады спрыялі ўварваньню Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
На 2022 год Беларусь вінная Кітаю — каля 4 мільярдаў даляраў, трымальнікам аблігацый — 3,3 мільярда даляраў, Сусьветнаму банку — 936 мільёнаў даляраў, Эўрапейскаму банку рэканструкцыі і разьвіцьця — 285 мільёнаў даляраў.
Сусьветны банк, напрыклад, фінансаваў у Беларусі барацьбу супраць пандэміі Сovid-19, мадэрнізацыю адукацыі, праекты, зьвязаныя з энэргетыкай.
Група ўладальнікаў беларускіх аблігацый прыгразіла беларускаму Мінфіну судом за нявыплату па пяці відах аблігацый — агулам 3,2 мільярда даляраў.
Інвэстары вінавацяць улады ў дэфолце па выплатах па гэтых аблігацыях. Выплаты па іх не выконваюцца ад 2022 году.
Па інфармацыі Нацыянальнага банку, валавы зьнешні доўг Беларусі на кастрычнік мінулага году складаў 36,7 мільярда даляраў. Гэта як даўгі дзяржаўнага сэктару, так і прыватнага, выплата якіх гарантаваная Беларусьсю.
Статыстыку дзяржаўнага доўгу Міністэрства фінансаў Беларусі не абнаўляе з 2022 году.