Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн скрытыкаваў ухіленьне Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ад разгляду дапамогі Ўкраіне


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Белы дом рэзка скрытыкаваў Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША за абвяшчэньне перапынку ў сэсіях без разгляду пытаньня падтрымкі Ўкраіны.

Адразу пасьля таго, як сьпікер Палаты прадстаўнікоў амэрыканскага Кангрэсу Майк Джонсан адклаў сэсію да 28 лютага, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн напісаў у сетцы X:

«Ухіленьне ад падтрымкі Ўкраіны ў гэты крытычны час ніколі ня будзе забытае».

«Сьпікер Джонсан уцякае, адпраўляючы Палату прадстаўнікоў у датэрміновы незаслужаны перапынак, і гэтым ён працягвае ўзмацняць забойчыя ваенныя намаганьні Расеі і іранскага рэжыму на шкоду нацыянальнай бясьпецы ЗША», — заявіў прадстаўнік Белага дома Эндру Бэйтс выданьню The Hill.

У Палаце прадстаўнікоў адказалі, што сам Байдэн падчас свайго прэзыдэнцтва нібыта больш за год правёў у адпачынку і не знайшоў часу сустрэцца са сьпікерам Джонсанам пасьля таго, як Сэнат ухваліў законапраект аб падтрымцы Ўкраіны, Ізраілю і Тайваня.

У Палаце прадстаўнікоў абвясьцілі перапынак у працы да 28 лютага, пасьля чаго пачнецца бюджэтны працэс, і толькі потым, не раней за першы тыдзень сакавіка, кангрэсмэны могуць вярнуцца да пытаньня дапамогі Ўкраіне.

Сэнат Кангрэсу ЗША (верхняя палата парлямэнту) на начным пасяджэньні 13 лютага канчаткова падтрымаў законапраект, які прадугледжвае дапамогу Ўкраіне, Ізраілю і Тайваню ў памеры 95 мільярдаў даляраў, 60 мільярдаў зь якіх прызначаныя Кіеву. За дакумэнт прагаласавалі 70 сэнатараў, 29 выказаліся супраць.

Цяпер законапраект павінен быць ухвалены Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, дзе рэспубліканцы маюць большасьць. Значная іх частка сканцэнтраваная на экс-прэзыдэнце Дональду Трампу, які крытычна паставіўся да гэтага законапраекту.

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Майк Джонсан позна ўвечары 12 лютага выступіў з рэзкай крытыкай пакета, выказаўшы сумневы ў яго праходжаньні ў Палаце. Джонсан, рэспубліканец, заявіў, што прапанаваны законапраект не ўтрымлівае палажэньняў аб бясьпецы межаў ЗША, і назваў яго «маўчаньнем па самай актуальнай праблеме, якая стаіць перад краінай», піша AP. Абедзьве палаты Кангрэсу ЗША павінны ўхваліць закон, перш чым прэзыдэнт-дэмакрат Джо Байдэн зможа яго падпісаць.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў Палату прадстаўнікоў як мага хутчэй зацьвердзіць законапраект, які ў тым ліку прадугледжвае дапамогу Ўкраіне. Ён падкрэсьліў, што «цана бязьдзейнасьці расьце з кожным днём, асабліва ва Ўкраіне, ужо ёсьць паведамленьні, што ва ўкраінскіх войскаў на лініі фронту заканчваюцца боепрыпасы, у той час як расейскія войскі працягваюць наступаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG