У інтэрвію з расейскім журналістам Ільлём Азарам для «Новой газеты Европа» Касем расказаў, што пасьля пачатку вайны супраць Украіны «прасьвятлеў» і з Расеяй больш нічога агульнага мець ня хоча.
Касем — грамадзянін Латвіі. Ён прыехаў у Рыгу ў канцы 2022 года па сямейных абставінах. 3 студзеня яго затрымала Служба бясьпекі Латвіі — Касема западозрылі ў шпіянажы і парушэньні санкцый Эўразьвязу. У студзені 2023 года яго арыштавалі, пасьля чаго ён знаходзіўся пад вартай у Цэнтральнай рыскай турме.
МЗС Расеі тады назваў гэта парушэньнем правоў і свабод чалавека, а супрацоўнікі пракрамлёўскіх мэдыяў Дзьмітрый Кісялёў і Марыя Буціна выходзілі на пікет да латвійскай амбасады з плякатамі «Марат, мы з табой» і «Рукі прэч ад расейскіх журналістаў».
У канцы красавіка Касема адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Улетку мінулага года прадстаўнік расейскага зьнешнепалітычнага ведамства Марыя Захарава паведаміла, што Касем пакінуў Латвію.
«Паступова абурэньне аціхла, а ўлетку высьветлілася, што Касем ужо на волі — выплаціў 15 тысяч эўра за незаконную інтэлектуальную і фізычную падтрымку РФ і быў такі. Латвійскія СМІ па інэрцыі напісалі, што ён зьехаў у Маскву, але хутка высьветлілася, што назад латвійскі грамадзян не зьбіраецца», — напісаў Азар у тэлеграме.
Як расказаў у інтэрвію сам Касем, у Латвію ён «прыехаў не з пустымі рукамі, а з падарункамі для латвійскіх спэцслужбаў, на літасьць якіх і ехаў сьвядома здавацца», адзначыў Азар.
У інтэрвію з Азарам, Касем таксама назваў генацыдам украінскага народа забойства мірных грамадзян у Бучы ў пачатку 2022 года, а таксама назваў высокай верагоднасьць нападу Расеі на краіны Балтыі.
Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны ЭЗ забараніў працу на тэрыторыі краін супольнасьці агенцтва Sputnik і канала RT. Забарона ўведзена да спыненьня вайны і да таго часу, пакуль Расея і зьвязаныя зь ёй СМІ «ня спыняць дзейнасьць па дэзынфармацыі і інфармацыйныя маніпуляцыі супраць ЭЗ».