Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінздароўя: у Беларусі — рост захворваньняў на гепатыт А. Раней у Латвіі казалі пра завозныя выпадкі


У Беларусі назіраецца рост захворваньняў на вірусны гепатыт А, паведамілі 14 лютага ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

У ведамстве адзначаюць, што найбольшая колькасьць захворваньняў прыпадае на асеньне-зімовы пэрыяд, а большасьць хворых — дарослыя ва ўзросьце 18–39 гадоў, захворваньняў на гепатыт А сярод дзяцей — ня больш за 20% ад агульнай колькасьці выпадкаў.

З мэтай абмежаваньня распаўсюджваньня захворваньня ў Менску і рэгіёнах у лютым-сакавіку праводзяць вакцынацыю дарослых, якія блізка кантактавалі з хворым на гепатыт А, паведамілі ў Мінздароўя.

Гепатыт А, таксама вядомы як хвароба Боткіна — вострая вірусная інфэкцыя печані. Крыніца заражэньня — інфікаваны чалавек: хворы або такі, у каго інфэкцыя працякае бессымптомна. Інкубацыйны пэрыяд захворваньня — 14–50 дзён.

Заразіцца можна:

  • кантактна-побытавым шляхам — праз брудныя рукі і прадметы побыту,
  • пры ўжываньні інфікаваных прадуктаў харчаваньня і прыгатаваных зь іх страваў,
  • пасьля ўжываньня вады негарантаванай якасьці (калёнкі, студні, крыніцы і інш.), асабліва ў пэрыяд адлігі ці паводкі.

Прыкметы захворваньня: пагаршэньне апэтыту, болі ў правым падрабрыньні, млоснасьць або ваніты, пацямненьне мачы, абясколерваньне калу, бялкі вачэй набываюць жоўтую афарбоўку. У шэрагу выпадкаў пачатак хваробы нагадвае грып — тэмпэратура падвышаецца да 38–39ºС, зьяўляецца катар, кашаль, ламота ва ўсім целе.

Мінздароўя нагадвае асноўныя меры прафіляктыкі гепатыту А:

  • мыць рукі з мылам перад ядой, пасьля наведваньня прыбіральні і грамадзкіх месцаў;
  • прамываць гародніну, садавіну і зеляніну пад праточнай вадой; замочваць сухафрукты і арэхі ў халоднай вадзе і потым прамываць;
  • для піцьця ўжываць ваду толькі гарантаванай якасьці або кіпячонай;
  • захоўваць тэмпэратурны рэжым і час гатаваньня ежы (вірус гепатыту А гіне толькі праз 5 хвілін кіпячэньня вады ці прадуктаў).

На пачатку лютага стала вядома, што за апошнія два тыдні ў Латвіі зарэгістравалі 9 выпадкаў гепатыту А, сярод іх 6 чалавек заразіліся ў Беларусі. Пры гэтым у сярэднім за апошнія пяць гадоў у Латвіі рэгістравалі 22 выпадкі на год (13–37 выпадкаў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG