Сьцісла:
- У часы пераменаў грамадзтва рэалізоўвае тое, што было назапашана падчас вонкавай нязьменнасьці;
- Улада павінна ня толькі прадстаўляць розныя сілы і погляды грамадзтва, але і быць здольнай прымаць рашэньні;
- Адчуваньне бездапаможнасьці ўлады было адным з галоўных матываў абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам у 1994 годзе.
Тэрмін паўнамоцтваў Каардынацыйная рады скончыўся 8 лютага. Плянавалася, што на пачатку году будуць праведзеныя выбары новага складу Рады. Правесьці іх не атрымалася, ня быў вызначаны нават парадак іх правядзеньня. КР працягнула свае паўнамоцтвы, выбары новага складу перанесеныя на травень.
На першы погляд, спрэчкі пра «самую лепшую» формулу фармаваньня Рады і папрокі ў адрас тых, хто ўцягнуты ў гэты працэс, выглядаюць ня самымі своечасовымі на фоне таго, што адбываецца ў краіне. Тым больш вельмі аддаленай пэрспэктывай здаюцца праекты будучага дзяржаўнага ладу Беларусі. Але досьвед падказвае, што калі ў краіне пачнуцца перамены, то часу разважаць ня будзе: у інтэлектуальным сэнсе эпохі пераменаў жывуць скарбам, назапашаным у глухія гады рэакцыі і вонкавай нязьменнасьці.
Здавалася б, у чым тут праблема? У Беларусі пануе пэрсаналісцкая дыктатура, улада адной асобы, ніхто і пікнуць ня можа, усе маўчаць альбо чакаюць візыту ГУБАЗіКу. І ў будучыні галоўнае — перадухіліць такую ўзурпацыю ўлады, забясьпечыць прадстаўніцтва ва ўладзе ўсіх поглядаў і ўсіх інтарэсаў. Ну а што можа забясьпечыць гэта лепш, надзейней, чым парлямэнцкая рэспубліка? Балазе, у найноўшай гісторыі краіны яна напачатку і была, некаторым тыя некалькі гадоў беларускага парлямэнтарызму ўяўляюцца «залатым векам» свабоды.
Супраць жа могуць быць толькі зацятыя аматары Лукашэнкі пэрсанальна і дыктатуры як такой. Так? Не, не зусім.
Лепш, калі іншадумства ня душыцца; лепш, калі розныя думкі выказваюцца і ўлічваюцца пры прыняцьці палітычных рашэньняў, калі грамадзтва, народ, у гэтым удзельнічае, калі адбываецца нацыянальны дыялёг. Але таксама важна, каб гэтыя рашэньні ўсё ж нарэшце прымаліся.
Гэты другі чыньнік у спрэчках пра будучую палітычную пабудову Беларусі часта проста ігнаруецца, адмаўляецца як праблема наагул. А ў чым яна? Грамадзянская супольнасьць расквітнее, парлямэнт будзе прымаць узважаныя і ўсебакова абмеркаваныя рашэньні. Усё ў парадку будзе: многія краіны сьвету так жывуць.
А вось тут да месца прыгадаць крызіс у Каардынацыйнай радзе. Дыялёг там мае месца, прадстаўніцтва розных палітычных сілаў — таксама, нават 7 схемаў правядзеньня выбараў у КР былі распрацаваныя. Але не рэалізавана, не прынята ніводнай. Ніякага рашэньня не прынята.
Зразумела, можна спаслацца на абставіны. Протапарлямэнт эмігрантаў — гэта не парлямэнт у краіне; нехта ўпарціўся, бо разумеў, што размова не пра рэальную ўладу. Але калі нехта не дэманструе вынікаў на трэніроўцы, дык ці выпадае спадзявацца на рэкорды ў сапраўдным спаборніцтве?
Да таго ж ёсьць абставіны, якія ў дадзеным выпадку хутчэй спрыялі дасягненьню згоды. Чальцы КР шмат у чым аднадумцы. А былі б у ёй, скажам, Валер Цапкала, Зянон Пазьняк, Андрэй Саньнікаў, Вольга Карач — хіба дасягненьне згоды, прыняцьце рашэньняў ня стала б справай яшчэ больш складанай? А ў парлямэнце свабоднай Беларусі яны ж будуць, нават мусяць быць. А калі будуць там і, скажам, Алег Гайдукевіч, Аляксандар Шпакоўскі, можа, нават і Вольга Бондарава? А чаму не? Я не да таго, што ўсе яны абавязкова там будуць, а да таго, што і бязь іх вынік — тупік, пат, няздольнасьць прыняць рашэньне.
Дэмакратыя як форма кіраваньня стварае ўмовы для кампрамісу і нават спрыяе яму. Але яна не вызначае яго, не вызначае, хто каму і ў чым мусіць саступіць. Дык а як жа прымаць рашэньні? А як дамовяцца. А калі ніяк?
Тут варта ўлічваць і яшчэ адну асаблівасьць, адрозьненьне палітычнага дыялёгу ад акадэмічнага, больш звыклага для ладнай часткі чальцоў КР. Палітычны — ён ня столькі пра пошук ісьціны, колькі пра інтарэсы. І пра розныя грамадзкія інтарэсы, якія прадстаўляюць розныя палітыкі, і пра іх асабістыя інтарэсы. Тая ці іншая формула фармаваньня КР — гэта ня толькі пра тое, як у выніку будзе лепш Беларусі, але і банальна пра тое, хто трапіць у новы склад Рады.
Мяркую, што пра гэтыя жарсьці вакол выбараў новага складу КР і варты жалю папярэдні вынік пераважная большасьць беларусаў, асабліва тых, якія жывуць у Беларусі, нічога ня ведаюць. Можа, і да лепшага. Бо калі б ведалі, то ў занадта многіх, і зусім ня толькі ў прыхільнікаў Лукашэнкі, узьнікла б пытаньне: «Дык вы, шаноўнае спадарства, так і дзяржавай зьбіраліся (зьбіраецеся) кіраваць?»
У 1994 годзе шмат у каго менавіта адчуваньне няздольнасьці ўлады прымаць рашэньні і рэалізоўваць іх было галоўным матывам галасаваньня за Лукашэнку. Як ён сам фармуляваў тады і пазьней: «Улада валялася пад нагамі». І такое адчуваньне тады было шмат у каго зь беларусаў.
І гэты матыў — зусім ня толькі ў беларусаў і пра беларусаў. Знакаміты амэрыканскі журналіст і сацыёляг Уолтэр Ліпман пісаў у 1963 годзе: «Няма нічога, у чым бы людзі мелі патрэбу больш, чым у кіраваньні, каб па магчымасьці гэта было самакіраваньне, каб, калі пашанцуе, гэтае кіраваньне было эфэктыўным, але ва ўсякім разе каб яно, кіраваньне, існавала».
Пісалася гэта ў разгар грамадзянскіх, расавых, антываенных хваляваньняў, якія тады ахапілі Амэрыку. Так што наконт «няма нічога, у чым бы людзі мелі патрэбу больш», можа, і гіпэрбала, навеяная духам таго часу ў ЗША. Але праблема і патрэба, як бачым, уласьцівая не адно беларусам.
Што да выбараў Каардынацыйнай рады, то гэты крызіс так ці інакш, раней ці пазьней будзе вырашаны. Можна нават убачыць у ім пэўную карысьць. Па-першае, у тым, што чальцы КР і іншыя палітыкі на гэтым прыкладзе навучацца, як усё ж прыходзіць да пэўных і своечасовых рашэньняў.
А па-другое — у больш глыбокім разуменьні, што ў палітычнай пабудове будучай Беларусі варта забясьпечыць балянс і пазьбегнуць як Сцылы дыктатуры, гэтак і Харыбды бездапаможнасьці ўлады і яе няздольнасьці кіраваць.
Як казаў Альбэрт Айнштайн: «Вы кажаце, усё так проста? Так, усё проста. Але зусім ня так».