З гэтага году прадугледжаны прыём расейскіх абітурыентаў на бюджэтную форму навучаньня ў беларускія ВНУ, заявіў 13 лютага міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец падчас сустрэчы з рэктарамі ВНУ, піша БелТА.
«Вырашаем задачу ў прыцягненьні ў нашыя ВНУ абітурыентаў з Расеі. З гэтага году прадугледжаны прыём расейскіх абітурыентаў па выніках адзінага дзяржаўнага экзамэну за кошт бюджэту з наступным разьмеркаваньнем на нашы прадпрыемствы», — заявіў міністар.
Паводле яго, Мінадукацыі плянуе сёлета прыняць у беларускія ВНУ каля 1 тысячы расейцаў, «у асноўным на запатрабаваныя спэцыяльнасьці»: паводле Іванца, гэта інжынэры, пэдагогі, работнікі сельскагаспадарчага профілю.
У Беларусі дзейнічае абавязковае разьмеркаваньне і адпрацоўка для тых, хто атрымлівае вышэйшую адукацыю за кошт бюджэту — пакуль гэта два гады, для «мэтавікаў» — пяць гадоў.
Апошнім часам беларускія ўлады ўсё часьцей гавораць, што тэрмін адпрацоўкі трэба павялічыць, а абавязковае разьмеркаваньне ўвесьці і для платнікаў.