Пасьля аналізу публікацый дзяржаўных СМІ, ініцыятыва адзначае факты агітацыі з боку сама меней чатырох праваслаўных сьвятароў, а таксама каталіцкага пробашча.
Так, напрыклад, публікацыя з загалоўкам «Айцец Георгі ідзе на выбары і заклікае да гэтага сваіх прыхаджан» зьявілася ў газэце Астравецкага райвыканкаму. У ёй протаярэй Георгі Савіцкі, настаяцель храма ў гонар сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў Астраўцы сьцьвярджае, што «на выбары трэба ісьці абавязкова».
Гэтае ж выданьне прыводзіць словы Мікалая Ўцякалкі, пробашча парафіі ў гонар сьвятога прарока Ільлі ў вёсцы Альхоўцы і храма сьвяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага ў аграгарадку Варняны. У публікацыі сьвятар заявіў, што «ўдзел у выбарах — гэта ня толькі права, але і абавязак кожнага грамадзяніна краіны».
«Послух перад народам і дзяржавай», — такі загаловак мае публікацыя газэты «Светлы шлях» з заклікам удзелу ў выбарах ад імя Анатоля Разановіча, настаяцеля храма Праабражэньня Гасподняга ў Смаргонях. Святар таксама заявіў, што «прыйсьці на выбары і прагаласаваць» — гэта абавязак. З падобнымі заклікамі выступілі і настаяцель храма ў гонар новапакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай у Скідалі протаярэй Кірыл Блізьнюк, а таксама пробашч каталіцкага храма ў Тракелях Юры Бяганскі.
Паведамляецца, што 31 студзеня старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Генец правёў сустрэчу са «сьвятарамі раёну», заявіўшы, што «ўсе мы грамадзяне сваёй краіны і павінны выканаць свой грамадзянскі абавязак – прыйсьці на выбарчыя ўчасткі ў дзень выбараў або ў дні датэрміновага галасаваньня».
«Хрысьціянская візія» зазначае, што такія паводзіны сьвятароў «супярэчаць афіцыйнай устаноўцы аб тым, што царква не павінна займацца палітыкай».
Сёлета ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) і мясцовыя саветы дэпутатаў. Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага.
На 110 месцаў у ПП НС 8-га скліканьня прэтэндуе 265 кандыдатаў, на 12 512 месцаў у мясцовых саветах дэпутатаў – 18 802. Сярэдні конкурс – 2,4 і 1,5 чалавека на месца адпаведна. Усе кандыдаты зьяўляюцца прыхільнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года архіэпіскап Горадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій адкрыта асудзіў гвалт з боку сілавікоў і беззаконьне з боку ўладаў у цэлым – адзіны з праваслаўных архірэяў БПЦ. У чэрвені 2021 года яго адправілі на спачын «па стане здароўя». Пасьля ён заявіў журналістам, што яго адстаўка – палітычнае рашэньне.
Былы арцыбіскуп памёр у ноч на 22 красавіка 2023 года на 71-м годзе жыцьця. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Менску.