Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ігар схуднелы, але бадзёры». Былы палітвязень расказаў, як сядзяць Лосік, Бабарыка, Пачобут і іншыя палітзьняволеныя


Турма. Ілюстрацыйнае фота
Турма. Ілюстрацыйнае фота

Наваполацкую калёнію № 1 зьняволеныя называюць адной з самых суровых. Паводле праваабаронцаў, тут знаходзяцца больш за сто палітвязьняў — Віктар Бабарыка, Ігар Лосік, Андрэй Пачобут і іншыя.

Пра іх і сваё жыцьцё выданьню «Люстэрка» расказаў былы палітзьняволены Аляксей, які правёў у калёніі шмат месяцаў.

Зь вядомых палітвязьняў у памяшканьні камэрнага тыпу наваполацкай калёніі цяпер знаходзіцца Віктар Бабарыка. У яго няма перадач, толькі дзьве бандэролі за год. Паводле інфармацыі Аляксея, палітык сядзіць толькі са «стукачамі».

«Ведаю, у яго былі праблемы са здароўем, і ў кастрычніку яго вывозілі з зоны. Але куды і зь якой прычыны, мне невядома. Калі ён быў на жылой зоне, нягледзячы на забароны зь ім размаўляць, некаторыя палітвязьні ўсё роўна імкнуліся яго падтрымліваць. Проста на свой страх і рызыку. Калі ўжо здадуць, дык здадуць. Давалі нешта са сваіх перадач, калі яму іх забаранілі, — расказвае Аляксей. — Ад людзей, якія бачылі яго бліжэй да Новага году, ведаю, што ён выглядаў здаровым, усьміхаўся».

Паводле той інфармацыі, якую мае суразмоўца, у сьнежні 2023 году палітзьняволены журналіст Свабоды Ігар Лосік таксама знаходзіўся ў ПКТ. Ён там ужо некалькі месяцаў. Раней працаваў «на бубках».

«Ён схуднелы, але бадзёры. У параўнаньні з тым, што было раней, гэта неба і зямля. Памятаю, як ён даведаўся, што ягоную жонку пасадзілі. Некалькі дзён ён плакаў у адкрытую», — узгадвае суразмоўца.

Таксама ён расказаў, што ў калёніі пазнаёміўся з мэдыямэнэджарам Андрэем Аляксандравым і стрыечным братам Паўла Латушкі Анатолем Латушкам:

«Толік — золата, а не чалавек. Мы зь ім заўсёды добра размаўлялі і разам працавалі на правадах. Я яму кнігу на беларускай мове падарыў. Калі з карцара выходзіў, ён мне заўсёды чай зробіць, нешта дасьць са сваёй сумкі — арэхаў, каш. Наколькі ведаю, яму казалі даць нейкае інтэрвію. Можа, што ён шпіён, ці што ў ПК № 1 добра, але ён не пагадзіўся. Казалі, ня так даўно яго перавялі ў Шклоў (там ПК № 17)», — кажа Аляксей.

З Андрэем Аляксандравым суразмоўца неяк сядзеў у карцары. Кажа, што журналіст працуе «на дзеравяках», увесну да яго прыяжджалі бацькі.

«Перадузятага стаўленьня да яго быццам бы няма. Схуднеў, вядома, але ён рады. Я калі яго потым на фотках убачыў, гэта ўжо ня ён», — жартуе Аляксей.

Пра журналіста Анджэя Пачобута Аляксей толькі чуў ад іншых. Яму казалі, што ў Пачобута «нейкія праблемы са страўнікам пачаліся, але трымаецца добра».

Акрамя таго, летам 2022-га Аляксей перасекся з Эдуардам Пальчысам, які цяпер у магілёўскай турме № 4.

«Я яго падбадзёрыў, ён адказаў, што ўжо ня першы раз сядзіць. Сказалі адзін аднаму, што ўсё зьменіцца і будзе дакладна, духам ня падаем, ідзем далей. Ён заўсёды моцны, бадзёры. Калі сапраўды, то ў карцары і ПКТ сумаваць нельга. Толькі пачынаеш сумаваць, заганяцца, дах зьедзе, — адзначае суразмоўца. — Яшчэ перасякаўся з Гладчуком (Юры Гладчук, экс-рэдактар „Автобизнеса“). У яго быў цяжкі псыхалягічны стан. Мне яго вельмі шкада. Заўсёды яго падтрымліваў. Тлумачыў, што дома яго чакаюць родныя, прасіў: „Жыві для іх“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG