49-гадовага палітвязьня Паўла Саву затрымалі 1 сьнежня 2020 году ў «справе Аўтуховіча». Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 285 («Удзел у злачыннай арганізацыі») і ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму, зьдзейсьнены групай асобаў»). На судзе ён адмовіўся даваць паказаньні, таму зачыталі тыя, якія Сава даваў падчас сьледзтва.
Тады ён расказаў, што падчас чарговай сустрэчы Мікалай Аўтуховіч прапанаваў дапамагчы яму ў адной справе, на што Павал пагадзіўся. Паводле сьледзтва, Аўтуховіч і Сава падпалілі два аўтамабілі міліцыянтаў у Ваўкавыску, а таксама аднапавярховы жылы дом, які належыць супрацоўніку АУС Ваўкавыскага райвыканкаму. У абвінавачаньні таксама прагучала, што Сава разам з Аўтуховічам плянавалі тэрарыстычныя акты.
У кастрычніку 2022 году Горадзенскі абласны суд прызначыў Паўлу 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў).
Тэрмін палітвязьня накіравалі адбываць у аршанскую калёнію № 8.
Але сёньня, 12 лютага, у судзе будзе разглядацца справа аб «замене рэжыму ўтрыманьня» і пераводзе Паўла ў іншую папраўчую ўстанову. Яго могуць перавесьці на турэмны рэжым, піша «Вясна».
Адрас Паўла Савы: ПК № 8. 211388, Віцебская вобл., г. Ворша, вул. Леніна, 195А.
Справа Аўтуховіча
У абвінавачаньні прысутнічаў шэраг артыкулаў КК. Самыя цяжкія зь іх:
- 289 «Акт тэрарызму»,
- 357 «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам»,
- 295 «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў»,
- 285 «Удзел у злачыннай арганізацыі»,
- 130 «Распальваньне варожасьці»,
- 361 «Заклікі да дзеяньняў, якія прычыняюць шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі».
Некаторым падсудным паставілі ў віну падпал недабудаванага дома ў Ваўкавыску, які належаў мясцоваму супрацоўніку міліцыі. А таксама падпалы аўтамабіляў супрацоўнікаў сілавых органаў у Ваўкавыску і Горадні. У выніку гэтых дзеяньняў ніхто не пацярпеў.
Прысуды над удзельнікамі — найвялікшыя палітычна матываваныя прысуды ў сувэрэннай гісторыі Беларусі.
- Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
- Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
- Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
- Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.