Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ровенскай вобласьці паказалі, як выглядае мяжа зь Беларусьсю і як яе працягнуць умацоўваць. ФОТА


Мяжа між Беларусьсю і Ўкраінай ў Ровенскай вобласьці, 10 лютага 2024
Мяжа між Беларусьсю і Ўкраінай ў Ровенскай вобласьці, 10 лютага 2024

Даўжыня ўкраінска-беларускай мяжы ў Ровенскай вобласьці — 229 км.

Кіраўнік Ровенскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Коваль заявіў, што ўрад выдзеліў 900 мільёнаў грыўняў (прыблізна 24 мільёны даляраў у эквіваленце. — РС) на працяг умацоўваньня мяжы зь Беларусьсю ў гэтым рэгіёне.

«Заплянавалі будаўніцтва інжынэрна-тэхнічных і фартыфікацыйных збудаваньняў, якія менавіта і колькі — ня буду канкрэтызаваць. Толькі канстатую, што зь дзяржаўнага бюджэту чакаецца фінансаваньне больш як 900 мільёнаў грыўняў», — сказаў Аляксандар Коваль.

Мяжа Беларусі і Ўкраіны ў Ровенскай вобласьці. Фота Ровенскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі
Мяжа Беларусі і Ўкраіны ў Ровенскай вобласьці. Фота Ровенскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі

Паводле яго, летась пяці грамадам Ровенскай вобласьці перадалі субвэнцыю на стварэньне супрацьтанкавых равоў і набыцьцё блёкаў, тэтраэдраў і габіёнаў (фартыфікацыйныя загароды. — РС).

Кіраўнік Ровенскай вобласьці падкрэсьліў, што сёлета працу над абаронай мяжы працягнуць.

Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км на сухаземным участку, 325,9 км на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС.

Тэрыторыя побач зь дзяржаўнай мяжой цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, азярынамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большасьць якіх даўно ня дзейнічае.

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

У канцы лютага 2023 году Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла зьмены ў заканадаўства аб абароне дзяржаўнай мяжы, якія прадугледжваюць павелічэньне да 2 кілямэтраў плошчы памежных палос на межах зь Беларусьсю і Расеяй, а таксама ўзаконьваюць тыя дадатковыя фартыфікацыйныя збудаваньні, якія ўжо існуюць.

Раней улады Ровенскай вобласьці заяўлялі аб замінаваньні ўсяго пэрымэтра мяжы зь Беларусьсю і ўзьвядзеньні дзьвюх ліній абароны. Даўжыня ўкраінска-беларускай мяжы ў Ровенскай вобласьці — 229 км.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG