Прыкладна 4,3 мільёна выбарнікаў выбіраюць паміж былым прэм’ер-міністрам-кансэрватарам Аляксандрам Стубам і былым міністрам замежных спраў Пэкам Хаавістам, дэпутатам ад «Партыі зялёных», які балятуецца як незалежны кандыдат.
Зьмена геапалітычнага ляндшафту ў Эўропе стане галоўным клопатам новага кіраўніка дзяржавы, які, хоць і мае абмежаваныя паўнамоцтвы ў параўнаньні з прэм’ер-міністрам, разам з урадам узначальвае зьнешнюю палітыку краіны, а таксама выконвае функцыі вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі.
Адносіны паміж Масквой і Хэльсінкамі пагоршыліся пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе, што прымусіла Фінляндыю адмовіцца ад дзесяцігодзьдзяў вайсковага нэўтралітэту і далучыцца да NATO ў красавіку 2023 году.
Расея то гаварыла пра тое, што ёй усё роўна, то гаварыла пра наступствы для Фінляндыі. У жніўні 2023 году Фінляндыя назірала наплыў мігрантаў, якія намагаліся трапіць на яе тэрыторыю праз усходнюю мяжу безь візаў. У Хэльсінках сьцьвярджалі, што гэта Масква падштурхоўвае мігрантаў, каб дэстабілізаваць сытуацыю, і ў адказ у лістападзе закрыла мяжу — гэты крок падтрымалі абодва кандыдаты.
Стуб выйшаў наперад у першым туры 28 студзеня з 27,2% галасоў, у той час як Хаавіста заняў другое месца з 25,8% галасоў, што вывела іх у другі тур. Яўка ў першым склала 75%.
Апытаньне грамадзкай думкі, праведзенае грамадзкім вяшчальнікам Yle перад другім турам, паказала, што Стуб набраў 54% галасоў падтрымкі.
Паводле мясцовых аналітыкаў, словы якіх прыводзіць AFP, Стуб больш арыентуецца на заходнія каштоўнасьці і арганізацыі, Хаавіста — на ААН, мір і разьвіцьцё. Стуб не выключае ядзерных выпрабаваньняў у выпадку пільнае патрэбы, Хаавіста супраць любых зь іх. Абодва кандыдаты лічаць, што цяперашняя міжнародная падтрымка Ўкраіны недастатковая, і яе неабходна ўзмацніць.
Прэзыдэнт у Фінляндыі выбіраецца на шэсьць гадоў ня больш як на два тэрміны запар. Пасаду прэзыдэнта зараз займае Саўлі Нійністэ, які ўзначальвае краіну два тэрміны запар з 2012 году, таму ён ня браў удзелу ў гэтых выбарах.