Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі па трох крымінальных артыкулах судзяць экс-кіраўніка мясцовай дырэкцыі «Белінвестбанка»


Алег Гарэлаў, фота з афіцыйнага сайту belinvestbank.by
Алег Гарэлаў, фота з афіцыйнага сайту belinvestbank.by

Былога кіраўніка дырэкцыі «Белінвестбанка» па Гомельскай вобласьці Алега Гарэлава пачалі судзіць у Гомельскім абласным судзе, паведаміла «Наша Ніва».

Імя Алега Гарэлава зьявілася і ў раскладзе паседжаньняў Гомельскага абласнога суда. Яго абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 130 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці ці варажнечы);
  • ч. 3 арт. 430 (Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры);
  • ч. 1 арт. 328 (Незаконны выраб, перапрацоўка, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або перасылка наркатычных рэчываў бяз мэты распаўсюду).

Максымальнае пакараньне па гэтых артыкулах — 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Алег Гарэлаў — выпускнік камэрцыйнага факультэта Беларускага гандлёва-эканамічнага ўнівэрсытэта спажывецкай каапэрацыі.

У 2010-х уладкаваўся на працу ў «Дэльта-Банк» і падняўся там да начальніка Цэнтральнага банкаўскага ўпраўленьня. Банк збанкрутаваў у 2015-м. Верагодна, пасьля гэтага ён перайшоў у «Белінвестбанк». Там Гарэлаў дарос да кіраўніка дырэкцыі па Гомельскай вобласьці.

Апошняя навіна аб ім датуецца лютым 2023-га. У сьнежні 2023 году новым кіраўніком замест яго прызначылі Паўла Юркаўца, былога кіраўніка «Белінвестбанка» па Мазыры.

«Наша Ніва» піша, што ў «нулявыя» Гарэлаў, верагодна, мог таксама працаваць ва ўпраўленьні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС. Прынамсі чалавек з такімі ж імем і прозьвішчам актыўна даваў камэнтары раённым газэтам з рознай нагоды прыкладна да 2009 году.

Праблемы ў «Белінвестбанка» пачаліся ў красавіку 2022-га, калі затрымалі яго былога кіраўніка Андрэя Брышцелева. Суд на ім пачаўся ў сьнежні 2023 году. Банкіра судзілі за атрыманьне хабару — ён дапамог бізнэсоўцу узяць крэдыт, які той не мусіў атрымліваць згодна з банкаўскімі пратаколамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG