Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны заявіў, што вайна цяпер пераходзіць у новую фазу, і гэта можа пайсьці на карысьць Расеі. Пра гэта ён расказаў у артыкуле для выданьня The Economist.
«Цяпер вайна ўваходзіць у новую фазу: тое, што мы сярод вайскоўцаў называем „пазыцыйнай“ вайной статычнага і зьнясільвальнага бою, як у Першай сусьветнай вайне, у адрозьненьне ад „манэўравай“ вайны руху і хуткасьці. Гэта пойдзе на карысьць Расеі, дазволіўшы ёй аднавіць вайсковую моц, што ў канчатковым выніку будзе пагражаць узброеным сілам Украіны і самой дзяржаве», — піша ў артыкуле генэрал.
Каб выйсьці з гэтай стадыі, Украіне патрэбныя ключавыя вайсковыя магчымасьці і тэхналёгіі, і самае галоўнае — гэта авіяцыя. І гэта — першы прыярытэт.
«Для маштабных наземных апэрацый неабходны кантроль над небам. На пачатак вайны ў нас было 120 баявых самалётаў. Толькі траціна зь іх была прыдатная да выкарыстаньня. Расейскія ВПС захоўваюць значную перавагу над намі і працягваюць будаваць новыя ўдарныя эскадрыльлі. Гэтая перавага ўскладніла нам рух наперад», — адзначае Залужны.
Другім прыярытэтам галоўнакамандуючы назваў радыёэлектронную барацьбу (РЭБ).
«РЭБ — ключ да перамогі ў вайне бесьпілётнікаў. За апошняе дзесяцігодзьдзе Расея мадэрнізавала РЭБ, стварыўшы новы род войскаў і 60 новых відаў тэхнікі. У гэтым яна нас пераўзыходзіць: 65% нашых плятформаў на пачатак вайны вырабленыя яшчэ ў савецкі час. Мы ўжо стварылі шмат уласных электронных сыстэм бясьпекі. Але нам таксама патрэбны большы доступ да радыёэлектроннай выведкі ад нашых саюзьнікаў і пашырэньне вытворчых ліній для нашых сыстэм РЭБ супраць бесьпілётнікаў ва Ўкраіне і за мяжой», — дадае ён.
Трэцім прыярытэтам Залужны вылучыў контрабатарэйны агонь. Паводле яго слоў, калі летась украінскія вайскоўцы ўпершыню атрымалі заходнюю зброю, яны даволі пасьпяхова выяўлялі і паражалі расейскую артылерыю, але эфэктыўнасьць такой зброі, як «Экскалібур» (амэрыканскі снарад з GPS-навядзеньнем), рэзка зьнізілася з прычыны ўдасканаленьня расейскай радыёэлектроннай барацьбы, а расейскі контрабатарэйны агонь палепшыўся.
«Нягледзячы на грэблівае меркаваньне некаторых вайсковых аналітыкаў, мы ня можам прымяншаць эфэктыўнасьць расейскай зброі і выведкі. Трэба шырэй выкарыстоўваць бесьпілётнікі-камікадзэ для нанясеньня ўдараў па расейскай артылерыі. І нам трэба, каб нашы партнэры дасылалі нам лепшую артылерыю і выведную тэхніку, якая можа выяўляць расейскія гарматы», — тлумачыць ён.
Залужны дадаў, што чацьвёртая задача — тэхналёгіі разьмінаваньня, бо заходнія пастаўкі адпаведных сродкаў аказаліся недастатковымі з улікам маштабаў расейскіх мінных палёў, якія месцамі цягнуцца на 20 км.
«Калі мы прарываемся празь мінныя палі, Расея іх хутка папаўняе, выпускаючы на адлегласьці новыя міны», — сказаў генэрал.
Таксама Валерый Залужны лічыць, што Ўкраіна павінна нарошчваць уласныя рэзэрвы.
«Мой пяты і апошні прыярытэт — нарошчваньне нашых рэзэрваў. Расея ня здолела выкарыстаць сваю велізарную перавагу ў моцы. Аднак нашы магчымасьці рыхтаваць рэзэрвы на сваёй тэрыторыі таксама абмежаваныя. Мы спрабуем вырашыць гэтыя праблемы. Мы ўводзім адзіны ўлік прызыўнікоў, павінны пашырыць катэгорыю грамадзян, якія могуць быць прызваныя па зборах і па мабілізацыі. Мы таксама ўводзім „баявую падрыхтоўку“, якая прадугледжвае разьмяшчэньне зноў мабілізаваных і навучаных кадраў у вопытныя перадавыя падразьдзяленьні для іх падрыхтоўкі».
Залужны таксама перасьцярог грамадзтва ад недаацэнкі Расеі. Вораг, які напаў на Ўкраіну, будзе мець перавагу ва ўзбраеньні, тэхніцы, ракетах і боепрыпасаў на працягу значнага часу.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.