Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блінкен выказаў надзею на хуткае заключэньне пагадненьня паміж Ізраілем і ХАМАС


Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у Ерусаліме
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у Ерусаліме

Пасярэднікі з ЗША, Катара і Эгіпта спрабуюць дамовіцца аб спыненьні агню ў вайне паміж Ізраілем і ХАМАС.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, галоўны амэрыканскі дыплямат, які знаходзіцца цяпер на Блізкім Усходзе, выказаў надзею на магчымае пагадненьне, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Дзяржсакратар сказаў, што бачыць магчымасьці для перамоваў. Дэлегацыя ХАМАС, якую ўзначальвае Халіль Аль-Хаяй, павінна была адправіцца ў чацьвер у Каір для перамоваў аб спыненьні агню, якія вядуцца пры пасярэдніцтве Эгіпта і Катара.

Прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу ў сераду адхіліў апошнюю прапанову ХАМАС, назваўшы яе «варʼяцкай». ХАМАС заклікаў палестынскія ўзброеныя фракцыі працягваць барацьбу.

«Ясна, што ёсьць непрымальныя пункты ў тым, што (ХАМАС) прапанаваў, — сказаў Блінкен у сераду на прэс-канфэрэнцыі ў Тэль-Авіве, не ўдакладніўшы, якія менавіта пункты ён мае на ўвазе. — Але мы таксама бачым магчымасьці ў тым, што было прапанавана ў адказ, для працягу перамоваў, каб убачыць, ці можам мы дасягнуць пагадненьня. Менавіта гэта мы і маем намер рабіць».

Перад вяртаньнем у ЗША Блінкен павінен быў правесьці ў чацьвер сустрэчы ў Ізраілі, у тым ліку зь семʼямі закладнікаў, што ўсё яшчэ ўтрымліваюцца ў Газе, якія настойвалі на тым, каб Нэтаньягу зрабіў вызваленьне іх блізкіх сваім прыярытэтам.

ХАМАС, ваенізаваная групоўка, якая кіруе Газай, прапанавала спыненьне агню на 4,5 месяца, падчас якога ўсе закладнікі, якія ўтрымліваюцца ў Газе, былі б вызваленыя, Ізраіль вывеў бы свае войскі з Газы і было б дасягнута пагадненьне аб заканчэньні вайны.

Прапанова ХАМАС была адказам на прапанову, распрацаваную кіраўнікамі выведак ЗША і Ізраіля і перададзеную ХАМАС на мінулым тыдні пасярэднікамі з Катара і Эгіпта.

Ізраіль быў гатовы дазволіць вайсковаму лідэру Хамаса Ях’я Сінвару пайсьці ў выгнаньне ў абмен на вызваленьне ўсіх закладнікаў і спыненьне кіраваньня ХАМАС у Газе, паведамілі NBC News паўтузіна крыніц у Ізраілі.
У адказ на плян ХАМАС Нэтаньягу паўтарыў абяцаньне зьнішчыць ісламісцкі рух, заявіўшы, што для Ізраіля няма іншага варыянту, акрамя гэтага.

«Уступка вар’яцкім патрабаваньням ХАМАС... ня толькі не прывядзе да вызваленьня закладнікаў, але і стане пралёгам да іншай разьні. Гэта прывядзе да сурʼёзнай катастрофы для дзяржавы Ізраіль, якую ніводзін з нашых грамадзян не гатовы прыняць», — заявіў ізраільскі лідэр, размаўляючы з журналістамі ў сераду.

«Працяг ваеннага ціску зьяўляецца неабходнай умовай для вызваленьня закладнікаў», — сказаў Нэтаньягу.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG