Нацыянальны банк Украіны дазволіў да 31 сьнежня 2024 году прадаць (абмяняць) безнаяўныя беларускія і расейскія рублі на іншую валюту.
Як паведаміла прэсавая служба Нацбанку Ўкраіны, размова ідзе аб сродках, што знаходзіліся на рахунках украінскіх банкаў і належалі рэзыдэнтам (фізычным ці юрыдычным асобам) Украіны.
Продаж (абмен) расейскіх і беларускіх рублёў можна ажыцьцявіць паводле заявы кліента адзін раз датычна кожнага віду валюты і толькі праз тыя банкі, якія ня маюць сувязі з Расеяй і Беларусьсю і не знаходзяцца ў санкцыйных сьпісах Украіны і іншаземных краін.
Што папярэднічала
Улады Ўкраіны пасьля расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымаў Аляксандар Лукашэнка, забаранілі ўсе апэрацыі ў беларускіх і расейскіх рублях.
У канцы 2023 году Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла зьмены ў закон пра банкі і банкаўскую дзейнасьць, якія дазволілі часова разблякаваць рахункі зь беларускімі і расейскімі рублямі. Гэтыя зьмены набылі юрыдычную сілу 7 лютага 2024 году.
Колькі беларускіх рублёў «замарозілі» ў банках Украіны
Паводле Нацыянальнага банку Ўкраіны, у пачатку 2022 году аб’ём беларускіх рублёў на рахунках юрыдычных асобаў Украіны складаў у эквіваленце адзін мільён (расейскіх — 1,874 мільёна грыўняў), а фізычных — 45 грыўняў (расейскіх рублёў — 130 мільёнаў грыўняў).
Вартасьць даляра, паводле афіцыйнага курсу 8 лютага, складае 37,5937 грыўні.
У канцы 2023 году ў пераліку на грыўню колькасьць безнаяўных беларускіх рублёў у прадпрыемстваў Украіны складала 2 мільёны, ва ўкраінскіх грамадзян — 55 грыўняў.
За год да вайны, на пачатку 2021 году, гэтыя лічбы адпаведна складалі 3 мільёны грыўняў і 5 грыўняў. Фізычныя асобы Ўкраіны аддавалі перавагу не беларускім, а расейскім рублям.
Такую вялікую колькасьць расейскіх і беларускіх рублёў ва Ўкраіне экспэрты тлумачылі вялікай дынамікай павелічэньня ўзаемнага гандлю.
Цягам апошніх двух гадоў шмат прадпрыемстваў спрабавалі праз суд разблякаваць свае рахункі ў беларускіх і расейскіх рублях, але беспасьпяхова.
За амаль два гады расейскай агрэсіі супраць Украіны расейскі і беларускі рубель абясцэніўся ў дачыненьні да даляра.
У прыватнасьці, 23 лютага 2022 году вартасьць даляра ў беларускіх рублях складала 2,5870 беларускіх рублёў і 80,4194 — у расейскіх. 8 лютага 2024 году, адпаведна, — 3,2225 і 91,1514.