Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтае месца стане магнітам для беларусаў». У Варшаве адкрылася крама «Кнігаўка» выдавецтва «Янушкевіч»


Андрэй Янушкевіч. Архіўнае фота
Андрэй Янушкевіч. Архіўнае фота

У варшаўскім раёне Прага пачала працаваць крама «Кнігаўка», якую адкрыў беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч.

Пакуль што яна бяз мэблі і шыльды над уваходам, працуе ў рэжыме пункту самавывазу, піша «Белсат».

Выдаўца Андрэй Янушкевіч абяцае, што ягоная «невялікая каманда» зробіць усё, каб у кнігарні было прыгожа, утульна і каб не хацелася адтуль выходзіць.

«Я вельмі чакаю, што гэтае месца стане такім магнітам для тых, хто цікавіцца беларускай культурай і беларускімі кнігамі, шануе іх. Мы зробім усё, каб гэтак сталася. І калі я кажу „усё“, то для мяне гэта перадусім выданьне новых цікавых кніг. Гэта наш капітал, — гаворыць Андрэй Янушкевіч. — Галоўны сэнс нашага паўторнага адкрыцьця ў тым, каб усе зразумелі (і добрыя, і злыя людзі), што нас не задушыш!»

Роўна 10 гадоў таму Андрэй Янушкевіч пачаў сваю выдавецкую дзейнасьць. Ён расказваў, што пачаў амаль з нуля, вучыўся на ўласных памылках і парадах калег па цэху — Зьмітра Вішнёва, Ігара Логвінава ды іншых. Першыя выдадзеныя кнігі былі гістарычнымі: «Бітва пад Воршай 1514 года» Пятра Друджа, «1939 год і Беларусь. Забытая вайна» Анатоля Трафімчыка.

Выдаваць якасны «нон-фікшн» для шырокага кола чытачоў — такой была галоўная ідэя выдавецтва. Але ўжо ў 2016 годзе Янушкевіч зразумеў, што «на гэтым не пражывеш». Прыкладна тады ж ён пазнаёміўся з мэнэджарам і журналістам Сяргеем Макарэвічам, які меў падрыхтаваны пераклад раману Кнута Гамсуна «Голад» і жаданьне выдаваць па-беларуску тэксты нобэлеўскіх ляўрэатаў.

«І ў выніку раман Гамсуна стала першай мастацкай кніжкай, выдадзенай у нас. Яна карысталася попытам і посьпехам. І з тых часоў мы выдалі 9 ці 10 кніжак нобэлеўскіх ляўрэатаў. Сэрыя жыве і, спадзяюся, будзе мець працяг. Гэта адзін з твараў нашага выдавецтва», — расказаў Андрэй Янушкевіч.

Ён зазначае, што «Кнігаўка» будзе працаваць у Варшаве ня толькі як выключна выдавецкая кнігарня.

«Будзем старацца закупляць і прадаваць кніжкі іншых беларускіх выдавецтваў. Ужо вельмі цесна супрацоўнічаем з такімі важнымі выдавецтвамі, як Vesna і „Пфляўмбаўм“, але будзем радыя бачыць у „Кнігаўцы“ і іншых гульцоў на нашым выдавецкім рынку — Gutenberg Publisher, Skaryna Press, „Камунікат“ ды іншых. Хочам зрабіць такі цэнтар прыцягненьня беларускай кнігі», — падкрэсьліў Андрэй Янушкевіч.

Пачынаючы з 2014 году, выдавецтва «Янушкевіч» выпусьціла каля 250 кніг, сёньня ў каталёгу выдавецтва — 50 пазыцыяў (улічваючы выданьні Vesna і «Пфляўмбаўм»). Янушкевіч ўпэўнены, што ўсе кнігі будуць на паліцах варшаўскай «Кнігаўкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG