Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указ Лукашэнкі вярнуў ільготныя ўмовы для гандлю і паслуг у вёсцы


Крама ў вёсцы. Архіўнае фота
Крама ў вёсцы. Архіўнае фота

Указам Лукашэнкі ад 2 лютага № 42 уносяцца зьмены ва ўказ № 345 «Аб разьвіцьці гандлю, грамадзкага харчаваньня і бытавога абслугоўваньня». Яны прадугледжваюць аднаўленьне асаблівых умоваў для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў, якія працуюць на вёсцы.

Дакумэнт апублікавалі 6 лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна зь ім, з 1 студзеня 2024 году па 31 сьнежня 2028 году індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы маюць права працаваць на тэрыторыі сельскай мясцовасьці з выплатай падатку на прыбытак па зьніжанай на 50% стаўцы. Таксама на 50% зьмешаць стаўку падатку на даходы зь фізычных асобаў для ІП.

Таксама ўказ прадугледжвае вызваленьне будынкаў, якія (ці часткі якіх) зьяўляюцца аб'ектамі гандлю, грамадзкага харчаваньня і бытавога абслугоўваньня, ад падатку на нерухомую маёмасьць, зямельнага падатку, арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці ў сельскай мясцовасьці. У малых гарадзкіх паселішчах ад гэтых падаткаў вызваляць будынкі, якія зьяўляюцца абʼектамі грамадзкага харчаваньня і бытавога абслугоўваньня.

Ён прыняты «ў мэтах стварэньня дадатковых умоваў для разьвіцьця гандлю, грамадзкага харчаваньня і бытавога абслугоўваньня», гаворыцца ў дакумэнце.

Ільготы, прадастаўленыя ўказам № 345, дзейнічалі да 31 сьнежня 2022 году. У канцы 2023 году ў Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня заяўлялі пра намер вярнуць ільготы для гандлю і паслуг у вёсцы з 1 студзеня 2024 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG