Для рэгістрацыі Барыса Надзеждзіна, паводле расейскага заканадаўства, дапушчальна ня больш за 5%.
«Паседжаньне камісіі скончылася, забралі дакумэнты. 15,348% браку, наперадзе 2 бяссонныя ночы», — напісаў прадстаўнік штабу Ігар Арцем’еў.
Згодна з працэдурай, пасьля трохэтапнай праверкі сумнеўных подпісаў павінна быць ня больш за 5%. У адваротным выпадку ЦВК кандыдата не рэгіструе — і ён выбывае з барацьбы за прэзыдэнцкую пасаду.
Тым часам Надзеждзін рыхтуецца падаваць у суд, калі яго не зарэгіструюць кандыдатам.
«Калі Цэнтравыбаркам адмовіць мне ў рэгістрацыі, я абскарджу рашэньне ў Вярхоўным судзе», — напісаў Надзеждзін.
Паседжаньне па рэгістрацыі пройдзе ў расейскім ЦВК 7 лютага.
- Барыс Надзеждзін — былы дэпутат Дзярждумы і адзіны антываенны кандыдат, якога ЦВК Расеі дапусьціў да збору подпісаў, неабходных для вылучэньня ў прэзыдэнты Расеі. Ён ідзе на выбары ад партыі «Гражданская инициатива». 23 студзеня ён абвясьціў, што неабходныя 100 тысяч подпісаў сабралі, але збор працягваецца.
- Выбары прызначаныя на 15–17 сакавіка 2024 году, а сабраць подпісы ўдзельнікі кампаніі павінны былі да канца студзеня.
- Цэнтральная выбарчая камісія Расеі раней зарэгістравала кандыдатам у прэзыдэнты Расеі Ўладзіміра Пуціна. Ён стаў чацьвёртым зарэгістраваным кандыдатам у прэзыдэнты Расеі.
- Раней ЦВК зарэгістравала кандыдатуры Ўладзіслава Даванкова ад «Новых людзей», Мікалая Харытонава ад КПРФ і Леаніда Слуцкага ад ЛДПР. Іх партыі прадстаўленыя ў Дзярждуме, таму зьбіраць подпісы ім ня трэба.