Паводле Барыса Надзеждзіна, подпісы зьбіраліся больш як у 120 гарадах. Усяго было сабрана 208 тысяч подпісаў, зь якіх 105 тысяч прынесьлі ў ЦВК.
«І гэтыя подпісы тут. Дзякуй усім, хто пераводзіў данаты. Ніколі ў гісторыі Расеі не было такога, каб кампанія кандыдата ў прэзыдэнты была цалкам на ахвяраваньнях», – цытуе Надзеждзіна Sota.
ЦВК Расеі павінна прыняць рашэньне аб рэгістрацыі Надзеждзіна ў якасьці кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах на працягу 10 дзён.
SotaVision зьвяртае ўвагу на вялікую колькасьць сілавікоў ля будынка ЦВК. Выданьне зазначае, што гэта «мала падобна на звыклае перакрыцьце дарог Дэптрансам». Каля будынку камісіі стаялі некалькі аўтазакаў, дзяжурыў АМАП з сабакамі, вакол дзясяткі паліцэйскіх аўтамабіляў. Акрамя таго, карэспандэнты заўважылі праблемы з мабільным інтэрнэтам.
- Барыс Надзеждзін – былы дэпутат Дзярждумы і адзіны антываенны кандыдат, якога ЦВК Расеі дапусьціў да збору подпісаў, неабходных для вылучэньня ў прэзыдэнты Расеі. Ён ідзе на выбары ад партыі «Гражданская инициатива». 23 студзеня ён аб'явіў, што неабходныя 100 тысяч подпісаў сабралі, але збор працягваецца.
- Выбары прызначаны на 15-17 сакавіка 2024 году, а сабраць подпісы ўдзельнікі кампаніі павінны да канца студзеня.
- Цэнтральная выбарчая камісія Расеі раней зарэгістравала кандыдатам у прэзыдэнты Расеі Ўладзіміра Пуціна. Ён стаў чацьвёртым зарэгістраваным кандыдатам у прэзыдэнты Расеі.
- Раней ЦВК зарэгістравала кандыдатуры Ўладзіслава Даванкова ад «Новых людзей», Мікалая Харытонава ад КПРФ і Леаніда Слуцкага ад ЛДПР. Іх партыі прадстаўлены ў Дзярждуме, таму зьбіраць подпісы ім ня трэба.