Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы папярэдзілі насельніцтва пра палёты авіяцыі каля мяжы зь Беларусьсю


Польская авіяцыя, архіўнае фота
Польская авіяцыя, архіўнае фота

Польская агенцыя аэранавігацыі распаўсюдзіла адмысловае папярэджаньне, вядомае як NOTAM. Яно тычыцца цывільнай авіяцыі і зьвязанае з «магчымай актывізацыяй вайсковых самалётаў у адказ на пагрозьлівую сытуацыю на ўсходняй мяжы».

Навігацыйнае папярэджаньне мусяць узяць пад увагу авіякампаніі і ўсе пілёты цывільнай авіяцыі. Яно будзе дзейнічаць з 5 лютага да 5 траўня.

Пілёты павінны быць на гукавой сувязі зь зямлёю на пэўных каналах. Таксама належыць абавязкова ўлучаць транспондэр — прыладу, якая аўтаматычна перадае інфармацыю пра самалёт у адказ на запыт зь зямлі.

Папярэджаньне распаўсюджваецца на раёны Польшчы ўздоўж межаў з Калінінградзкай вобласьцю Расеі, Беларусьсю і Ўкраінай.

Навігацыйныя папярэджаньні зьвязаныя з забесьпячэньнем нацыянальнай бясьпекі.

Раней NATO пачало самыя маштабныя вучэньні з часоў халоднай вайны. У вайсковых вучэньнях Steadfast Defender 2024, на якіх плянуюць удакладніць абарончыя пляны NATO наконт умацаваньня эўрапейскай бясьпекі ад роўнага па сіле праціўніка, бяруць удзел каля 90 000 вайскоўцаў з усіх краін Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Вучэньні будуць праходзіць да 31 траўня ў два этапы: на першым этапе ў цэнтры ўвагі будзе марское ўмацаваньне праз Атлянтыку і ў Арктыцы, а на другім, які будзе адбывацца зь сярэдзіны лютага да канца траўня, — умацаваньне абароны ва ўсіх сфэрах ад Арктыкі да ўсходняга флянгу.

Вучэньні праходзяць у некалькіх ключавых эўрапейскіх краінах — уздоўж межаў з Расеяй, Беларусьсю і Ўкраінай. У прыватнасьці, адпрацоўваньне абаронных плянаў будзе адбывацца ў Фінляндыі, Эстоніі, Нямеччыне, Грэцыі, Вугоршчыне, Латвіі, Літве, Нарвэгіі, Польшчы, Румыніі, Славаччыне, Швэцыі і Вялікай Брытаніі.

Свае сумесныя манэўры, у тым ліку ў непасрэднай блізкасьці ад мяжы з Эўразьвязам, рэгулярна праводзяць Расея і Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG