Вялікі швэдзкі нападнік Курт Хамрын, адна з найяскравейшых зорак эўрапейскага футболу 1950-х і 1960-х гадоў, памёр ва ўзросьце 89 гадоў у Флярэнцыі, дзе жыў пасьля кар’еры і якая стала яму другім домам пасьля Швэцыі.
Пра сьмерць Хамрына паведаміў клюб «Фіярэнтына», у якім Хамрын правёў найяскравейшыя гады кар’еры. За «Фіярэнтыну» Хамрын забіў 203 галы ва ўсіх турнірах, столькі ж, колькі і Габрыэль Батыстута.
Хамрын правёў 400 гульняў у італьянскай Сэрыі А, забіўшы 190 галоў. Гэта 9-е месца ўсіх часоў у сьпісе найлепшых стральцоў італьянскага першынства за ўсю яго гісторыю.
У кашулі «Фіярэнтыны» ён двойчы здабываў Кубак Італіі, у 1961 і 1966 гадах, а таксама Кубак уладальнікаў кубкаў (1961), Альпійскі кубак (1961) і Кубак Мітропы (1966).
Таксама яскравыя гады ён правёў у складзе «Міляну» — золата італьянскага першынства-1968, Кубак эўрапейскіх чэмпіёнаў ў 1969-м і Кубак уладальнікаў кубкаў у 1968-м.
За зборную Швэцыі правёў 16 галоў у 32 матчах.
За месяц зь невялікім 2024 году гэта ўжо чацьверты выбітны футбаліст, які пакінуў сьвет. Раней з жыцьця пайшлі бразылец Марыё Загала і немец Франц Бэкенбаўэр, якія станавіліся чэмпіёнамі сьвету як гульцы і як трэнэры, а таксама чэмпіён сьвету і найлепшы стралец зборнай Італіі ў гісторыі Луіджы Рыва.
Курт Хамрын чэмпіёнам сьвету ня стаў, але ў 1958-м годзе быў лідэрам сваёй каманды, калі яна адзіны раз у гісторыі згуляла ў фінале мундыялю.