Грамадзянін Беларусі, якога затрымалі ў Ровенскай вобласьці пры спробе ўчыніць дывэрсію супраць энэргетыкі Ўкраіны, цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Роўне.
Як стала вядома з матэрыялаў заведзенай супраць яго крымінальнай справы, заданьне аб усталяваньні GPS-трэкераў на адным з аб’ектаў энэргетычнай інфраструктуры беларус атрымаў 3 студзеня праз тэлеграм-канал ад чалавека, які назваўся супрацоўнікам упраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расеі, а ўжо 11 студзеня прыбыў да вызначанага аб’екта.
Паводле сьледчых, грамадзяніна Беларусі затрымалі недалёка ад горада Сарны, каля адной з апораў лініі электраперадач магутнасьцю 750кВ, якая зьвязвала Ровенскую АЭС з падстанцыяй «Кіеўская». Ад гэтага месца да Ровенскай АЭС прыблізна 70 кілямэтраў.
Гэтая лінія электраперадач выконвае функцыю «выдачы» энэргіі з Ровенскай АЭС у аб’яднаную энэргасыстэму Ўкраіны.
У матэрыялах справы адзначаецца, што затрыманы нарадзіўся ў Расеі, зьяўляецца прыхільнікам ідэі «русского мира» і добраахвотна пагадзіўся на супрацу з прадстаўнікамі дзяржавы-агрэсаркі.
13 студзеня суд ухваліў рашэньне аб ягоным арышце на 60 дзён, да 11 сакавіка. Калі да гэтага часу дасудовае расьсьледаваньне не завершыцца, абвінавачаньне зьвернецца ў суд па прадоўжаньне меры стрыманьня.
Грамадзяніну Беларусі інкрымінуюць дывэрсію і ўдзел у тэрарыстычнай групе ці арганізацыі. Паводле артыкулаў 113 і ч. 1 артыкулу 258-3 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі з або без канфіскацыі маёмасьці. Ягонае прозьвішча пакуль не вядомае.
15 студзеня ў Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі аб затрыманьні грамадзяніна Беларусі, які цягам 2014–2017 гадоў ваяваў у складзе незаконных узброеных фармаваньняў у так званых «ЛДНР», а пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе падпісаў кантракт з прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр».
Паводле СБУ, гэты беларус у складзе ПВК «Вагнэр» штурмаваў Бахмут, а потым вярнуўся ў Беларусь, дзе і атрымаў заданьне ад свайго расейскага куратара.
Сярод рэчаў, якія знаходзіліся на месцы затрыманьня, быў і пашпарт Украіны, як гэта вынікала з фота, апублікаваных Службай бясьпекі Ўкраіны.