У Рызе прайшло пасяджэньне камісіі грамадзянства, міграцыі і сацыяльнай згуртаванасьці. Яго галоўнай тэмай стала інтэграцыя беларускіх уцекачоў у Латвіі, паведамілі ў Офісе Сьвятланы Ціханоўскай.
У пасяджэньні ўдзельнічалі пасол Латвіі ў Беларусі Эйнарс Сэманіс, прадстаўнік Офіса Сьвятланы Ціханоўскай у Эстоніі і ў Латвіі Віталь Малчанаў, а таксама прадстаўнікі парлямэнту, МУС і Міністэрства адукацыі Латвіі, арганізацый Free Belarus, «Сьвітанак» і «Суполка».
Ілва Эвертэ, прадстаўніца Free Belarus, адзначыла па выніках размовы:
«На паседжаньні ўзьнімаліся пытаньні, зь якімі сутыкаюцца беларускія ўцекачы ў Латвіі, у тым ліку – пачатковай і вышэйшай адукацыі, а таксама пэнсійнага забесьпячэньня».
Таксама сустрэчу пракамэнтаваў Віталь Малчанаў, прадстаўнік Офіса Сьвятланы Ціханоўскай у Эстоніі і ў Латвіі:
«Мы ўдзячныя парлямэнту Латвіі і парлямэнцкай групе „За дэмакратычную Беларусь“ за арганізацыю сустрэчы. Мы абмеркавалі пытаньні, якія тычацца ўцекачоў: пачынаючы ад праезду ў грамадзкім транспарце і заканчваючы навучаньнем. Дзякуй прадстаўнікам міністэрстваў, што пачулі наш голас і важнасьць узьнятых пытаньняў».
Амбасадар Семаніс падзякаваў дэпутатам парлямэнту і прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці за асьвятленьне пытаньняў інтэграцыі беларускіх уцекачоў у латвійскае грамадзтва. Таксама амбасадар прапанаваў арганізацыям беларускай дыяспары прадставіць праекты дапамогі ўцекачам і арганізацыям грамадзянскай супольнасьці.