Спартовым зборным Латвіі забаранілі гуляць супраць камандаў Расеі і Беларусі, нават калі тыя выступаюць у нэўтральным статусе. Такую пастанову зацьвердзіла Саэйма Латвіі.
Улады Латвіі заяўляюць у дакумэнце, што краіна таксама ня будзе ладзіць спаборніцтвы зборных у гульнявых відах спорту, у якіх нацыянальныя зборныя Беларусі або Расеі ўдзельнічаюць пад дзяржаўнымі сьцягамі або ў нэўтральным статусе. Прычым гэта тычыцца як дарослых, так і дзіцячых і юніёрскіх спаборніцтваў.
«Асноўная ідэя паправак у закон аб спорце — вызначыць на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства, што латвійскія каманды ў камандных відах спорту, напрыклад у баскетболе, футболе ці хакеі, ня могуць гуляць міжнародныя гульні з камандамі краін-агрэсараў, Расеі і Беларусі», — заявіў раней старшыня падкамісіі спорту Камісіі культуры і навукі Саэймы Давіс Даўгаветыс.
Гэта азначае, што ў выпадку, калі лёсаваньне вызначыць для латвійскай зборнай матчы супраць Расеі або Беларусі, міжнародныя спартовыя арганізацыі павінны будуць выконваць латвійскае заканадаўства, растлумачыў дэпутат.
Аўтары законапраекту, зрэшты, загадзя адзначалі, што атлеты Латвіі могуць апынуцца ў становішчы, калі краіна трапіць у адну групу з адной з гэтых камандаў. Прапанаваныя папраўкі абмяркоўваліся з прадстаўнікамі спартовай галіны. Аднак яны не рэглямэнтуюць удзелу латвійскіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях. Рашэньне аб удзеле ў іх прымае Алімпійскі камітэт Латвіі.