17 ракет, як удакладнілі ў ваенным ведамстве, расейскія сілы СПА зьбілі над Чорным морам, а яшчэ тры — над паўвостравам. Абломкі зьбітых ракет упалі ў раёне воінскай часткі, разьмешчанай у вёсцы Любімаўка. «Пашкоджаньняў авіяцыйнай тэхнікі няма», — запэўнілі ў Мінабароны.
Прызначаны Расеяй «губэрнатар» анэксаванага Севастопаля Міхаіл Развазжаеў паведаміў, што над горадам СПА зьбіла больш за 6 ракет. Іх абломкі, паводле чыноўніка, упалі ў прыватным сэктары Севастопаля, пашкоджаньні атрымалі 12 будынкаў, ахвяраў і пацярпелых няма.
Крымскія тэлеграм-каналы, у сваю чаргу, пісалі пра выбухі, якія раздаваліся ў раёне Сак, Феадосіі, Еўпаторыі, сёлаў Раздольнае і Гвардзейскае. Таксама паведамлялі аб пажары каля ваеннага аэрадрома Бельбек.
Камандуючы Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны ўскосна пацьвердзіў атаку па Крыме.
«А вы ведалі, што ў складзе Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны ёсьць 204-я Севастопальская брыгада тактычнай авіяцыі? Дык вось, яе штатнае месца базаваньня — аэрадром Бельбек! Украінскія авіятары абавязкова вернуцца дадому на родны аэрадром. А пакуль дзякую ўсім, хто паўдзельнічаў у ачышчэньні Крыму ад расейскай прысутнасьці», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.
Днём раней Упраўленьне стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны паведаміла аб паразе радыёлякацыйнай станцыі раейскіх войскаў у анэксаваным Крыме. Сьцьвярджаецца, гэта адбылося побач з пасёлкам Раздольнае.
Паводле Крым.Рэалии, у Раздольным знаходзіцца воінская частка 85683-р. Як паведамляецца на сайце прызначанай Расеяй адміністрацыі раёна, пасьля анэксіі ў пасёлку разьмясьцілі падразьдзяленьне радыётэхнічных войскаў. Іх галоўная задача — вядзеньне паветранай выведкі.