Паводле расейскага абароннага ведамства, атака адбылася прыкладна а палове на 1-ую ночы 6 студзеня. У гэты ж час прыкладна на гадзіну быў прыпынены рух на Крымскім мосьце. Іншыя падрабязнасьці пра ракетныя ўдары па Крыме не паведамляюцца.
Праўкраінскія тэлеграм-каналы пішуць пра дзясятак выбухаў у раёне Еўпаторыі і ў раёне Новафёдараўкі, дзе разьмяшчаецца расейскі ваенны аэрадром Сакі.
Раніцай 6 студзеня камандуючы Паветранымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Мікалай Аляшчук напісаў у тэлеграме, што ўкраінскія вайскоўцы паразілі на аэрадроме Сакі камандны пункт.
Расейскі бок гэтую інфармацыю пакуль не камэнтаваў.
Ва ўмовах баявых дзеяньняў Радыё Свабода ня можа апэратыўна пацьвердзіць заявы бакоў канфлікту.
- Апошні раз пра атакі на анэксаваны паўвостраў Мінабароны Расеі паведамляла 5 студзеня.
- 4 студзеня Мінабароны РФ заявіла, што сілы СПА зьбілі 10 авіяцыйных кіраваных ракет, а таксама зьнішчылі некалькі дзясяткаў дронаў. Кіеў тады сьцьвярджаў, што Ўзброеным сілам Украіны ўдалося паразіць камандны пункт расейскіх войскаў каля Севастопаля.