55-гадовага палітвязьня Георгія Чараваку асудзілі на 5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за данат у 21,29 даляра, які ён адправіў са свайго акаўнту PayPal у падтрымку палку імя Кастуся Каліноўскага, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Вырак агучыла судзьдзя Сьвятлана Чарапанава ў Менскім гарадзкім судзе 8 сьнежня 2023 году.
Да акаўнту была прывязаная беларуская картка, зь якой сьпісаліся сродкі. Улады палічылі гэта наўмыснымі дзеяньнямі «з мэтай фінансаваньня дзейнасьці ў вэрбаваньні, навучаньні, іншай падрыхтоўцы» асобаў да збройнага канфлікту ва Ўкраіне.
Чараваку затрымалі ў жніўні 2023 году пры вяртаньні ў Беларусь з ЗША, куды ён езьдзіў на месяц.
Таксама прысуд у 5 гадоў зьняволеньня за данаты палку Каліноўскага (першы — 13,63 эўра, другі — 35 эўра, агулам 133 рублі 30 капеек) 26 сьнежня 2023 году вынесьлі Аляксею Швяцову. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 361-3 КК (удзел ці падрыхтоўка да ўдзелу ў ваенных дзеяньнях на тэрыторыі замежнай дзяржавы без упаўнаважаньня дзяржавы, або фінансаваньне такой дзейнасьці).
Вырак вынес судзьдзя Яўген Пісарэвіч у Менскім гарадзкім судзе.