Музыкаў расейскага рок-гурту «Бі-2», затрыманых у Тайляндзе, утрымліваюць на сьпякоце пад адкрытым небам у камэры цэнтру часовага ўтрыманьня міграцыйнай паліцыі ў Бангкоку.
Пра гэта расказаў журналіст і вядоўца тэлеканала «Дождж» Міхаіл Козыраў.
«Умовы, у якіх яны ўтрымліваюцца, зусім жахлівыя. Яны цяпер у адкрытай камэры — гэта клетка пад распаленым сонцам, там зараз 35-40 градусаў гарачыні», — адзначыў журналіст.
Паводле яго, ва ўдзельнікаў групы адабралі сродкі сувязі, а таксама не далі перакладу судовых дакумэнтаў. Акрамя таго, у камэру да музыкаў пэрыядычна «падсаджваюць» расейскамоўных «перамоўшчыкаў», якія аказваюць на іх псыхалягічны ціск, палохаючы наступствамі іх справы і намякаючы на хабары, расказаў Козыраў.
На яго думку, сытуацыяй з гуртам «Бі-2» наўпрост кіруюць расейскія ўлады, гэта паказальная расправа над музыкамі, якія не падтрымліваюць вайны, лічыць журналіст.
«Бі-2» — адзін з некалькіх расейскіх рок-гуртоў, якія адкрыта выступілі супраць вайны з Украінай. Пасьля гэтага ўлады прызналі лідэра калектыву Лёву Бі-2 (сапраўднае імя Ягор Бортнік) «іншаземным агентам», а музыкі калектыву былі вымушаныя выехаць з Расеі. Сярод чальцоў калектыву грамадзяне трох краін: Расеі, Ізраіля і Аўстраліі.
Гурт у сваім інстаграме падкрэсьліў, што нядаўнія канцэрты ў Патаі і Пхукеце таксама праводзіліся афіцыйна, з прыцягненьнем мясцовых арганізатараў і захаваньнем усіх неабходных патрабаваньняў да бясьпекі мерапрыемства.
Першую ноч пасьля затрыманьня ўдзельнікі «Бі-2» правялі ў камэры паліцэйскага пастарунку. Сярод музыкаў — грамадзяне Расеі, Ізраіля і Аўстраліі. Салісты і заснавальнікі гурту, Лёва і Шура, не грамадзяне Расеі.
25 студзеня адбыўся суд, вырак — штраф. Яго аплацілі на месцы. Падчас суду, як адзначае «Бі-2», гурту не прадаставілі перакладчыка, і таму музыкі ня мелі магчымасьці азнаёміцца са зьместам дакумэнтаў у справе.
Аднак ужо пасьля суду музыкаў затрымала міграцыйная паліцыя Тайлянду, пад наглядам якой цяпер чакаецца вырашэньне пытаньня, зьвязанага са знаходжаньнем «Бі-2» у краіне.
- «Бі-2» — рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску, ягоныя заснавальнікі і нязьменныя ўдзельнікі Аляксандар Уман (Шура) і Ягор Бортнік (Лёва) паходзяць зь Беларусі.
- З часам музыкі перабраліся ў Расею і сталі адным з самых камэрцыйна пасьпяховых гуртоў на расейскай сцэне.
- Музыкі асудзілі расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. Неўзабаве пасьля пачатку вайны Расеі ва Ўкраіне, у красавіку 2022 году, гурт «Бі-2» адмовіўся выступаць на канцэрце ў Омску на фоне банэра «Za президента». Пасьля гэтага гурт перанёс шэраг выступаў.
- У 2023 годзе ўдзельнікі гурту эмігравалі ў Ізраіль.
- У чэрвені 2023 году лідэра гурту Ягора Бортніка прызналі ў Расеі «іншаземным агентам». Як растлумачыла Міністэрства юстыцыі РФ — за тое, што музыка выступаў супраць вайны Расеі ва Ўкраіне і «нэгатыўна выказваўся пра расейцаў».