«А мы ў „Белсаце“ пасьля 16 гадоў цяжкай працы толькі што атрымалі падаўжэньне свайго „жыцьця“ на месяц... І мы радыя, што хаця б на месяц», — распавяла Агнешка Рамашэўская, піша «Белсат».
Яна адзначыла, што 80% супрацоўнікаў «Белсату» — «эмігранты без фінансавай падушкі», а 17 супрацоўнікаў сядзяць у беларускіх турмах, і заклікала польскіх палітыкаў і калегаў-журналістаў не забываць, што «на ўсход ад нас, проста за плотам працягваецца пажар, напад бандытаў ды іншага кшталту непрыемнасьці».
Пасьля гэтай інфармацыі галоўны дарадца беларускай дэмакратычнай лідаркі Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў «Позірку», што міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі падчас візыту Ціханоўскай у Варшаву і на нядаўняй сустрэчы на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе запэўніў, што падтрымку тэлеканалу «Белсат» працягнуць.
12 студзеня новае кіраўніцтва Польскай тэлевізіі (TVP) пазбавіла дырэктарат «Белсату» фінансавых паўнамоцтваў. Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская заявіла аб пагрозе спыненьня працы цягам месяца. Тады яна адзначала, што пазбаўленьне фінансавых паўнамоцтваў — гэта не звальненьне, аднак дэ-факта яна ня можа весьці гаспадарчую дзейнасьць каналу. Цяпер сама меней на месяц гэтае пытаньне разьвязалася.
- «Белсат» — пераважна беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал, які зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем Грамадзкага польскага тэлебачаньня — TVP. На час стварэньня быў адзіным беларускамоўным тэлеканалам у сьвеце.
- Пасьля прыходу да ўлады ў канцы 2023 году новы ўрад Польшчы пачаў працэдуру ліквідацыі дзяржаўных СМІ. Такое рашэньне павінна было даць дзяржаўным СМІ магчымасьць функцыянаваць далей, бо ў рэжыме ліквідацыі нельга звальняць супрацоўнікаў у сувязі з адсутнасьцю фінансаваньня. Таксама гэта давала магчымасьць правесьці рэструктурызацыю гэтых СМІ.
- Экспэрты ў мэдыясфэры і галоўныя рэдактары незалежных беларускіх мэдыя выказваюць асьцярогі, што праз адсутнасьць сродкаў да траціны беларускіх мэдыяпраектаў могуць закрыцца ці трансфармавацца ў іншыя, менш затратныя формы. І прагназуюць, што 2024 год будзе самым складаным у фінансавым пляне для беларускіх незалежных СМІ.
- Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, ня менш за тры сотні супрацоўнікаў беларускай мэдыйнай сфэры пасьля падзей 2020 году выехалі за мяжу, і большасьць працягвае працу ў СМІ ці іншых мэдыйных праектах. Умовы працы журналістаў ускладніліся. Пасьля прызнаньня «экстрэмісцкімі» незалежныя мэдыя страцілі свае звыклыя формы падтрымкі праз рэкляму і праз падпіску. Асноўныя крыніцы даходаў беларускіх мэдыя — донарская, грантавая падтрымка і данаты чытачоў, аўдыторыі — таксама скараціліся.