Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выжыць. Прывабіць зумэраў». Што адбываецца з KYKY і як мяняюцца незалежныя СМІ


Саша Раманава. Ілюстрацыйны каляж
Саша Раманава. Ілюстрацыйны каляж

У якім фармаце цяпер працуе праект KYKY? Ці ёсьць небясьпека, што донары пакладуць у адзін кошык беларускія і расейскія незалежныя СМІ ў выгнаньні? І хто павінен і можа фінансаваць незалежныя СМІ? Пра гэта Ганна Соўсь размаўляе з сузаснавальніцай і дырэктаркай KYKY Сашай Раманавай.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

Сьцісла

  • Мы павінны ісьці туды, дзе ёсьць аўдыторыя, якая гатовая ўспрымаць такі кантэнт. А ёсьць яна цяпер у сацсетках, найперш таму, што сацсеткі не заблякаваныя на тэрыторыі Беларусі.
  • У нас з вамі атрымліваецца вельмі сумная гаворка. Данаты — не, бо цяжка фінансава, беларускі бізнэс — не, бо перавозяць тысячы супрацоўнікаў, інстытуцыйныя донары — не, таму што зьявіліся расейскамоўныя мэдыя з большай аўдыторыяй, таму яны туды свае грошы ўкладаюць.
  • Калі мы выяжджалі ў 2020 годзе, прычына была адна. Нас вытурылі, рэклямадаўцы пачалі адмаўляцца. Цяпер мы забылі, што гэта такое — працаваць з рэклямнымі кантрактамі. Гэта мінулае жыцьцё. Праблем не адна і ня дзьве, а значна болей.

— Што цяпер адбываецца з KYKY і з усімі спадарожнымі праектамі? Ці праўда, што палова каманды KYKY сыходзіць, сайт замарожваецца, застаюцца пэўныя сацыяльныя сеткі? Што адбываецца?

— Камандай, якая засталася, намагаемся перапрыдумаць фармат такім чынам, каб гэта было цікава, каб знаходзіць новага гледача, слухача, чытача. Гэта патрабуе пэўнага часу. Нам прыйшлося разьвітацца з часткай каманды. На жаль, статыстыка ня вельмі радавала. Мяркую, што ня мы адны ў шэрагу СМІ, якія зараз губляюць ахопы. Сайт — гэта цэнтрычная рэдакцыя і нятанная рэч. Зь цягам часу бачыш, што трэба перарабіць усю гэтую гісторыю. Мы павінны ісьці туды, дзе ёсьць аўдыторыя, якая гатовая ўспрымаць такі кантэнт. А ёсьць яна цяпер у сацсетках, найперш таму, што сацсеткі не заблякаваныя на тэрыторыі Беларусі. Людзі ўнутры краіны і TikTok глядзяць, і Instagram глядзяць, падпісваюцца, камэнтуюць. Даволі жывая аўдыторыя там прысутнічае, і як Магамэт да гары ідзе, то журналісты менавіта так і робяць цяпер.

У нас ёсьць неблагі вопыт працы ў сацыяльных сетках, і мы бачым, што можна быць цікавымі, можна набіраць аўдыторыю, а ня толькі яе губляць. У нас ёсьць іншы нішавы праект The Village, які дастаткова пасьпяхова працуе на плятформах Instagram i TikTok. 200–600 тысяч ахопаў у TikTok ці ў рылсах. Гэта добрыя паказчыкі, асабліва цяпер, калі трэба прывабліваць новую аўдыторыю, новых людзей беларускай тэмай, а ня толькі губляць тых, хто прабіваецца да цябе праз VPN.

— Праект KYKY вядомы крэатыўным падыходам. Чаму важна перафарматавацца? Што ў цяперашніх складаных умовах працуе з аўдыторыяй, а ад чаго варта адмаўляцца?

— Наша галоўная мэта — матываваць маладых хлопцаў і дзяўчат, якія застаюцца з намі. Ёсьць пакаленьне Gen Z, новае пакаленьне. Мабыць, трэба больш працаваць зь імі. Мне не хацелася б гучаць цалкам аптымістычна — усім дрэнна, усе адчуваюць, што за тры гады сытуацыя ўсё пагаршаецца і пагаршаецца, а тут выходзіць такая Саша, якая кажа, што ў нас усё крута і мы будзем бамбіць на Gen Z з ахопамі 600 тысяч. Не. Але я разумею, што гэты наш захад можа ўратаваць сам праект, а калі б мы заставаліся ў клясычнай мадэлі артадаксальнай сайтавай рэдакцыі, то мы б проста скаціліся да нуля. Насамрэч гэта спроба ўратаваць праект. Мабыць, атрымаецца, і далей будзе ясна, што мы далей хочам... Я не гатовая казаць, што мы клясныя, у нас усё атрымалася. Але ў нас ёсьць досьвед, і мы бачым, што нейкая надзея на новае жыцьцё існуе.

— Нядаўняя гісторыя з «Рэформ», які застаўся безь фінансаваньня, засьведчыла, што беларусы могуць даволі хутка сабраць грошы і дапамагчы. Але гэта вырашае праблему на абмежаваны час, фінансаваньне павінна быць сталым. Як вы мяркуеце, ці здольныя чытачы самі стала фінансаваць мэдыяпраекты, улічваючы, што гэта вельмі цяжка рабіць зь Беларусі, і беларусы ў выгнаньні таксама ня маюць фінансавай стабільнасьці?

— Гэта даволі складана. Мы не разглядаем тых, хто ўнутры Беларусі, таму што для іх гэта проста небясьпечна. Мы разглядаем тых, хто зьехаў. Гэта прыкладна 300 тысяч чалавек. Які адсотак ад гэтай колькасьці мае ня толькі намер, але і фінансавыя магчымасьці гэта рабіць? Калі журналіст, рэдактар ці галоўны рэдактар кажа, што ён гатовы прадаваць сваю нырку, то ўсе ідуць і данацяць. Але на сталай аснове ня ведаю, наколькі гэта магчыма. У нас у KYKY быў і ёсьць Patreon, мы там прапануем нейкія фішкі для патронаў, і ў нас ёсьць нейкая колькасьць аўдыторыі, якая кожны месяц нам ахвяруе пэўную суму. Гэта вельмі радуе. Мы бачым, што можна працаваць і далей з гэтай аўдыторыяй, можна намагацца пашыраць яе. Але поўнае фінансаваньне — калі праект робяць адзін-два чалавекі, то гэта магчыма, калі 10 чалавек, то не атрымаецца. Калі ёсьць блогеры, якія робяць пасьпяховыя сацсетачныя праекты і маюць добрую аўдыторыю, то чаму не? Ёсьць такі фармат, але не для вялікіх рэдакцый, на жаль.

— Ёсьць яшчэ адзін шлях. Вялікая частка беларускага бізнэсу рэлякавалася і даволі пасьпяхова разьвіваецца ў розных краінах сьвету. Ці мог бы беларускі бізнэс за мяжой стала падтрымліваць незалежныя СМІ?

— Уявіце, што такое — перавезьці 5 тысяч працаўнікоў зь Беларусі. Увесь гэты бізнэс мае шмат абавязкаў у першую чаргу перад сваімі камандамі. Мы ня першыя ў чарзе. Рэдакцыі незалежных мэдыя, якія выехалі, бізнэс, які потым выехаў, усе мы маем падобныя праблемы.

— Цяпер за мяжой апынулася вялікая колькасьць расейскіх лібэральных СМІ, іх падтрымліваюць донары. І з гэтым зьвязаныя ў тым ліку і праблемы беларускіх незалежных СМІ — чыста матэматычна аўдыторыя іх меншая, чым у расейскіх, і ў донараў ёсьць спакуса пакласьці іх, так бы мовіць, у адзін кошык, асабліва калі мэдыя на расейскай мове. Ці сутыкаліся вы з такім і наколькі гэта сур’ёзная праблема?

— Нельга казаць, што ўсе донары так робяць, што яны ня бачаць розьніцы паміж беларускімі і расейскімі СМІ. Донары розныя. Патрэбна размаўляць, расказваць, хто ты, што робіш і чаму ты не расейскае выданьне. Гэта даволі цяжкая праца, якой мы займаемся кожны дзень.

У нас з вамі атрымліваецца вельмі сумная гаворка. Данаты — не, бо цяжка фінансава, беларускі бізнэс — не, бо перавозяць тысячы супрацоўнікаў, інстытуцыйныя донары — не, таму што зьявіліся расейскамоўныя мэдыя з большай аўдыторыяй, таму яны туды свае грошы ўкладаюць.

— Дадам да мінусаў «экстрэмісцкі статус СМІ», празь які людзям у Беларусі пагражаюць рэальныя тэрміны, таксама Google вызначаюць заблякаваныя ў Беларусі сайты незалежных мэдыя і паніжаюць іх прыярытэт пры выдачы ў пошукавых запытах. Якія зь незалежных беларускіх мэдыя выжывуць у гэтых умовах?

— Трэба ісьці туды, дзе можаш набіраць аўдыторыю і быць цікавым. Таму я і кажу пра сацсеткі і нашы спробы працаваць у першую чаргу пасьпяхова там. Вядома, што сытуацыя вельмі сумная. Калі мы выяжджалі ў 2020 годзе, прычына была адна. Нас вытурылі, рэклямадаўцы пачалі адмаўляцца. Цяпер мы забылі, што гэта такое — працаваць з рэклямнымі кантрактамі. Гэта мінулае жыцьцё. Праблем не адна і ня дзьве, а значна болей.

— Ці плянуеце вы мяняць тую інфармацыю, якую прапаноўваеце аўдыторыі? Ці будзе мяняцца сам кантэнт?

— Будзе мяняцца ўсё. На жаль. У тым фармаце, у якім мы працавалі, яно ня вельмі працуе, таму трэба перапрыдумаць. Мы пачалі гэта рабіць.

— Напрыклад?

— Давайце празь некалькі месяцаў паглядзім, як гэта працуе.

— Які самы галоўны выклік стаіць для вас у 2024 годзе як для кіраўніцы вялікага мэдыяпраекту?

— Выжыць. Выжыць не як паміраючы на апараце штучнага дыханьня, а ўсё ж выжыць і паказаць, што ёсьць аўдыторыя, лічбы, інтарэс, тэмы, новая каманда, у якой атрымалася, ёсьць інфлюэнсэры, новыя твары, новыя ідэі. Пакуль мы ў працэсе стварэньня будучыні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG