Беларускі сьвятар Андрэй Наздрын, які перайшоў пад юрысдыкцыю Польскай праваслаўнай царквы, пачаў служэньне ў польскай вёсцы Маляшы (Malesze) і горадзе Браньску ў Падляскім ваяводзтве, піша «Позірк». Ён пакінуў Беларусь у сьнежні 2023 году празь перасьлед сілавікоў.
«Пачынаючы з гэтай нядзелі ўжо буду служыць у храмах напераменку па нядзелях і на сьвяты. Буду па-ранейшаму служыць Богу і людзям. Мару, каб гэтыя храмы сталі месцам радасных сустрэч для малітвы і зносінаў як жыхароў гэтых мясьцін, так і ўсіх тых, хто быў вымушаны апынуцца з розных прычын на чужыне», — напісаў сьвятар на сваёй старонцы ў Інстаграме.
Сьвяты сынод Рускай праваслаўнай царквы дазволіў яму перайсьці пад юрысдыкцыю Польскай праваслаўнай царквы 27 сьнежня 2023 году.
Праваслаўны сьвятар Андрэй Наздрын служыў у Горадні, стварыў з нуля прыход у маладым мікрараёне Альшанка, пачаў будаваць царкву, сам працаваў на будаўнічым кране. У 2022 годзе быў настаяцелем прыходу храму сьвяціцеля Сьпірыдона Трыміфунцкага.
За час грамадзка-палітычнага крызісу ў Беларусі сьвятар Андрэй Наздрын некалькі разоў пацярпеў праз сваю грамадзянскую пазыцыю.
У кастрычніку 2023 году суд Кастрычніцкага раёну Горадні аштрафаваў яго на 15 базавых велічыняў (555 рублёў) паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і пастанавіў канфіскаваць тэлефон. Гэтаму папярэднічаў ананімны данос — нехта зьвярнуў увагу міліцыі, што Наздрын падпісаны ў Інстаграме на акаўнт горадзенскага журналіста Руслана Кулевіча, прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім».
У 2022 годзе Наздрын адкрыта асудзіў разьвязаную Расеяй вайну ва Ўкраіне. Пасьля гэтага на яго данесла ў міліцыю праўладная і прарасейская актывістка Вольга Бондарава. Міліцэйская праверка парушэньняў ня выявіла, але сілавікі правялі з Наздрыным «прафіляктычную гутарку» аб «недапушчальнасьці зьдзяйсьненьня экстрэмісцкіх правапарушэньняў і злачынстваў».
Пазьней сьвятара звольнілі з усіх пасадаў у эпархіі і перавялі служыць пад Горадню ў вёску Коматава ў малы прыход. 25 сьнежня 2023 году ён правёў там сваю апошнюю службу.
Паводле «Хрысьціянскай візіі», Наздрын быў адным з тых, хто дапамагаў затрыманым падчас пратэстаў улетку 2020 году і пазьней.
У 2023 годзе два сьвятары Беларускай праваслаўнай царквы — протаіерэй Георгій Рой і іерэй Аляксандар Кухта — з прычыны рэпрэсій зьехалі зь Беларусі і перайшлі ў Сусьветны патрыярхат — гэта значыць пад юрысдыкцыю Канстантынопалю. Пасьля гэтага Беларускі экзархат забараніў іх у служэньні (так называецца забарона праводзіць службы на пэўнай кананічнай тэрыторыі).
У красавіку 2023 году ў Вільні зьявілася Беларуская праваслаўная парафія Сусьветнага патрыярхату, 16 красавіка сьвятары правялі першае богаслужэньне.