Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 23 студзеня: у Гомлі затрымалі былога палітвязьня Раманава; прысуд рэдактару Манцэвічу пакінулі бязь зьменаў


Былы палітвязень Аляксей Раманаў, якога затрымалі ў Гомлі
Былы палітвязень Аляксей Раманаў, якога затрымалі ў Гомлі

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

За тры камэнтары абвінаваўца запрасіла 3 гады калёніі

Берасьцейскі абласны суд 22 студзеня разглядзеў крымінальную справу 48-гадовага Дзяніса Красько, якога абвінавацілі ў распальваньні сацыяльнай варожасьці паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу.

Судовы працэс пачаўся 14 сьнежня, яго вёў судзьдзя Сяргей Беразюк. Дзяржаўная абвінаваўца — Марыя Бялт.

Дзяніса затрымалі 28 ліпеня 2023 году і да суду зьмясьцілі пад варту.

Як піша «Берасьцейская вясна», першапачаткова яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 368 КК («Публічная абраза прэзыдэнта»), арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 1 арт. 130 КК («Распальваньне варожасьці»). Але да суду абвінавачаньні паводле першых двух артыкулаў зьнялі праз тэрмін даўнасьці.

Усе тры тэлеграм-паведамленьні, якія пакінуў Красько, былі напісаныя як камэнтары да публікацый на тэлеграм-канале «Вусы Лукашэнкі».

Пракурор Марыя Бялт запатрабавала для Красько 3 гады калёніі агульнага рэжыму. Які тэрмін прысудзілі Дзянісу, пакуль праваабаронцам невядома.

У Гомлі затрымалі былога палітвязьня Аляксея Раманава

Як стала вядома Свабодзе, каля 6-7 раніцы да Аляксея Раманава прыйшлі супрацоўнікі сілавых структураў і правялі ператрус. Затым Аляксея забралі на допыт у КДБ. Вядома, што гаворка ішла пра ўдзел былога палітвязьня ў «экстрэмісцкім фармаваньні».

Аляксей Раманаў — жыхар Гомля, інвалід трэцяй групы з анкалягічным захворваньнем. Пасьля падзей 2020 году ён адбыў тэрмін — 1 год зьняволеньня за «абразу» Лукашэнкі. Цяпер жыве ў Гомлі.

Свабодзе вядома, што гэта не адзінае затрыманьне ў Гомлі. Прыйшлі таксама да некаторых сваякоў палітвязьняў, якія адбываюць пакараньне.

Прысуд рэдактару «Рэгіянальнай газэты» Манцэвічу пакінулі бязь зьменаў

Менскі абласны суд 23 студзеня разгледзеў апэляцыйную скаргу журналіста Аляксандра Манцэвіча. Судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Ўладзімера Арэшкі пакінула вырак бязь зьменаў, а скаргу — без задавальненьня, паведамляе «Вясна».

У судзе Маладачанскага раёну 3 лістапада Аляксандру Манцэвічу прызначылі 4 гады калёніі, а таксама штраф у памеры 14 800 рублёў. Журналіста абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле арт. 369-1 КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG