Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне паўтара мільёна чалавек выйшлі на пратэсты. Чаго яны дамагаюцца


Мітынг у Франкфурце-на-Майне. 20 студзеня 2024
Мітынг у Франкфурце-на-Майне. 20 студзеня 2024

Колькасьць пратэстоўцаў супраць ультраправых сіл у Нямеччыне за мінулы тыдзень агулам перавысіла 1,4 млн чалавек.

Сотні тысяч выйшлі ў нядзелю на вуліцы гарадоў Нямеччыны, пратэстуючы супраць дзейнасьці ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (Alternative fuer Deutschland, AfD).

Так завяршылася сэрыя пратэставых акцый, што працягвалася тыдзень, у якой узяла ўдзел амаль беспрэцэдэнтная колькасьць дэманстрантаў. Толькі зь пятніцы па нядзелю адбылося ня менш за сто пратэставых выступаў.

Арганізатары Campact і Fridays for Future падлічылі, што на вуліцы выйшла звыш 1,4 мільёна чалавек, якія імкнуліся накіраваць «сыгнал супраць AfD і ўльтраправых у нямецкім грамадзтве», — паведамляе «Голас Амерыкі».

На пратэсьце ў Кёльне, 21 студзеня 2024
На пратэсьце ў Кёльне, 21 студзеня 2024

Чым выкліканыя пратэсты

Пратэсты былі выкліканыя выкрыцьцямі дасьледчага цэнтру Correctiv аб сходзе правых экстрэмістаў 25 лістапада, у якім прынялі ўдзел палітыкі AfD, а таксама асобныя члены ХДС і вельмі кансэрватыўнага «Саюзу каштоўнасьцяў» у Патсдаме.

«Былы кіраўнік праваэкстрэмісцкага руху ў Аўстрыі Марцін Зэлнэр заявіў, што на сустрэчы гаварыў пра „рээміграцыю“. Калі правыя экстрэмісты выкарыстоўваюць гэты тэрмін, яны звычайна маюць на ўвазе, што вялікая колькасьць людзей іншаземнага паходжаньня павінна пакінуць краіну, нават пад прымусам», — паведамляе ўплывовае нямецкае выданьне Frankfurter Allgemeine Zeitung.

Пратэст у Боне, 21 студзеня 2024
Пратэст у Боне, 21 студзеня 2024

Пры гэтым дадзеныя апытаньняў сьведчаць аб росьце падтрымкі партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (Alternative fuer Deutschland, AfD).

Колькасьць яе прыхільнікаў найбольш значная ва ўсходняй Нямеччыне. Новыя зямельныя парлямэнты будуць выбраныя ў верасьні ў Брандэнбургу, Саксоніі і Цюрынгіі. Паводле апытаньняў, AfD можа стаць самай моцнай сілай ва ўсіх трох землях, у некаторых са значным адрывам.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», палітыкі, а таксама царкоўныя лідэры і футбольныя мэнэджары Бундэсьлігі заклікалі насельніцтва краіны выступіць супраць ультраправых арганізацый.

У нядзелю ў Мюнхэне наплыў дэманстрантаў быў такі вялікі, што арганізатары былі вымушаныя адмяніць заплянаваны марш і папрасіць людзей разысьціся ў мэтах бясьпекі. Па дадзеных мясцовай паліцыі, на пратэст прыйшло каля ста тысяч чалавек, у чатыры разы больш, чым было зарэгістравана для ўдзелу ў сходзе.

Пратэст у Боне 21 студзеня 2024. Пратэстовец трымае плякат, які паказвае былога міністра прапаганды нацыстаў Ёзэфа Гебэльса і Б'ёрна Хёке (справа), галоўнага кандыдата ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» на будучых фэдэральных зямельных выбарах у Цюрынгіі
Пратэст у Боне 21 студзеня 2024. Пратэстовец трымае плякат, які паказвае былога міністра прапаганды нацыстаў Ёзэфа Гебэльса і Б'ёрна Хёке (справа), галоўнага кандыдата ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» на будучых фэдэральных зямельных выбарах у Цюрынгіі

Паводле ацэнак арганізатараў, да акцыі пратэсту ў Кёльне далучыліся 70 тысяч чалавек, а ў Брэмене, паводле зьвестак мясцовай паліцыі, на дэманстрацыю ў цэнтры горада выйшлі 45 тысяч чалавек. Яшчэ 100 тысяч чалавек сабраліся на акцыю пратэсту ў Бэрліне ў нядзелю ўвечары, паводле дадзеных паліцыі, прыведзеным рэгіянальнай вяшчальнай кампаніяй RBB.

Рэакцыя ўладаў

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, які далучыўся да дэманстрацыі ў мінулыя выхадныя, заявіў, што любыя пляны высылкі імігрантаў і грамадзян раўназначныя «нападу на нашу дэмакратыю і, у сваю чаргу, на ўсіх нас». Ён заклікаў «усіх выступіць за згуртаванасьць, за талерантнасьць, за нашу дэмакратычную Нямеччыну».

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер падзякаваў дэманстрантам за іх адданасьць дэмакратыі. «Гэтыя людзі падбадзёрваюць усіх нас. Яны абараняюць нашу рэспубліку і нашу канстытуцыю ад яе ворагаў. Яны абараняюць нашу чалавечнасьць», — сказаў ён у відэазвароце ў Бэрліне ў нядзелю.

Віцэ-канцлер Робэрт Хабэк заявіў: «Вы паказваеце, што Нямеччына — моцная дэмакратыя. Што вы не пацярпіце правага экстрэмізму, які хоча разбурыць асновы нашай дзяржавы».

Міністар замежных спраў Анналена Бэрбак (з патыі «Зялёныя») высока ацаніла рост антыправых пратэстаў у ФРГ, асабліва ў малых і сярэдніх гарадах. «У гэтым сіла нашай краіны», — сказала яна ў нядзелю ў Патсдаме.

Пратэст у Бэрліне, 21 студзеня 2024
Пратэст у Бэрліне, 21 студзеня 2024

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG