Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вальфовіч заявіў, што спэцслужбы ведаюць «склад ячэек», якія «рыхтуюцца для зьмены ўлады» ў Беларусі


 Аляксандр Вальфовіч.
Аляксандр Вальфовіч.

Дзяржсакратар Рады бясьпекі Аляксандр Вальфовіч у эфіры «Беларусь 1» заявіў, што спэцслужбы «ведаюць склад баявых ячэек», якія рыхтуюцца для зьмены ўлады ў краіне і ў курсе аб месцах трэніровак гэтых людзей, піша «Зеркало».

Таксама Вальфовіч выставіў шэраг абвінавачаньняў у бок Польшчы, краін Балтыі і Ўкраіны.

«На тэрыторыі Польшчы, Украіны і краін Балтыі рыхтуюцца дывэрсійна-выведвальныя групы і незаконныя ўзброеныя фармаваньні зь беглых з тэрыторыі Расеі і Беларусі. Розных крымінальнікаў усіх кшталтаў, таму што нармальныя людзі ня пойдуць у гэтыя структуры, — заявіў Вальфовіч.

Пры гэтым, як заўважае партал «Зеркало», Дзяржсакратар Рады бясьпекі не згадаў факт, што цяпер беларускіх вайскоўцаў навучаюць былыя баевікі прыватнай расейскай вайсковай кампаніі Вагнера, у шэрагі якой таксама набіраюць зьняволеных, пакараных за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы.

Таксама Вальфовіч абвінавіцў улады Польшчы і краін Балтыі ў патураньні гэтым групам:

«Зь іх рыхтуюцца людзі, гатовыя забіваць, гатовыя праводзіць дывэрсіі, гатовыя ваяваць на тэрыторыі сумежных краін для зьвяржэньня неканстытуцыйным шляхам улады. А польскае кіраўніцтва, прыбалтыйскае кіраўніцтва заахвочвае гэта, заяўляе пра гэта адкрыта, што мы рыхтуем так званыя харугвы і баявыя ячэйкі, каб адправіць іх у тым ліку на тэрыторыю Беларусі. І правесьці, як яны называюць, дэмакратычным шляхам зьвяржэньне ўлады. Якая гэта дэмакратыя. Гэта не дэмакратыя».

«Зеркало» нагадвае, што ні польскія, ні літоўскія ўлады (як і ўлады Латвіі і Эстоніі) ні разу не заяўлялі, што маюць жаданьне ці рыхтуюцца зьвяргаць уладу ў Беларусі.

«Але мы гэта ўсё ведаем, нашы спэцслужбы адсочваюць гэтую інфармацыю. Мы валодаем гэтай інфармацыяй, дзе гэтыя так званыя харугвы, у якім складзе, хто ў іх уваходзіць, і сьпісы гэтых асоб у нас ёсьць, — заявіў Вольфавіч. — Таму мы вядома ж робім і выпрацоўваем адпаведныя меры, каб нэўтралізаваць гэтыя пагрозы адносна нашай бясьпекі».

  • Так званае «Паспалітае рушэньне» было створана ў верасьні 2022 году пад эгідай прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінэта ў пытаньнях абароны і нацыянальнай бясьпекі Валера Сахашчыка. У лістападзе таго году «Рушэньне» было прызнана экстрэмісцкім фармаваньнем.
  • Паведамлялася, што ў ініцыятыве восем харугваў (Варшаўская, Гданьская, Уроцлаўская, Беластоцкая, Лодзкая, Познанская, Віленская і Ковенская) агульнай колькасьцю больш за 150 чалавек. У лютым 2023-га было абвешчана аб стварэньні самастойнай патрыятычна-спартовай абарончай арганізацыі за межамі Беларусі.
  • «Цяпер „Паспалітае рушэньне“ ня толькі парамілітарная арганізацыя. Гэта шырокі грамадзянскі рух, які ставіць сваёй мэтай вызваленьне і абарону Беларусі, а таксама патрыятычнае выхаваньне моладзі і здаровай нацыі, папулярызацыю беларускай культуры, а таксама супрацьдзеяньне расейскай прапагандзе і сьціраньню беларускай самаідэнтычнасьці нашых суайчыньнікаў», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
  • Дзейнасьць «Паспалітага рушэньня» адбываецца па прынцыпе клюбаў вайскова-фізычнай падрыхтоўкі. Такія клюбы цалкам легальныя ў тых краінах, дзе дзейнічае «ПР». Ва ўдзельнікаў трэнінгаў «Паспалітага рушэньня» няма баявой зброі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG