Экспэрты вызначылі кароткі сьпіс намінантаў на званьне «Найлепшай кнігі для дзяцей і падлеткаў» у межах конкурсу літаратурнай Прэміі Цёткі, паведамляе Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў.
У кароткі сьпіс увайшлі 10 выданьняў з 2022/2021 гадоў:
- Альгерд Бахарэвіч. Тэатар шчасьлівых дзяцей — ЛитРес: Издательство, 2021
- Антон Францішак Брыль. Мышыныя Каляды — Мінск: А.М. Янушкевіч, 2022
- Надзея Кім. Кразі — чырвоны кракадзільчык — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2022
- Ягор Конеў. Дамавічкі Шушык і Жуля — Мінск: Звязда, 2022
- Маргарыта Латышкевіч. Вершнікі на дарозе — Мінск: Чатыры чвэрці, 2022
- Маргарыта Латышкевіч. Муры, Том і дырыжаблік — Мінск: Звязда, 2022
- Андрэй Скурко. Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў — Мінск: Тэхналогія, 2022
- Сьвета Тата. Ева намалявала Коніка — Мінск: Папуры, 2022
- Іна Фралова. Андрэйкава лета — Мінск: Звязда, 2022
- Надзея Ясьмінска. Кусь-кусяндра — Мінск: Кнігазбор, 2022
На падставе кароткага сьпісу запрошаныя экспэрты вызначаць адзін найлепшы арыгінальны твор для дзяцей і падлеткаў, выдадзены на беларускай мове.
У поўны сьпіс (яго можна паглядзець тут) Прэміі Цёткі ў намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў» былі ўключаныя 34 з 37 кніг, заяўленых на ўдзел у конкурсе. Разглядалі кнігі, выдадзеныя ў 2022 годзе, а таксама ў 2021-ым, пры ўмове, што яны не ўваходзілі ў Поўны сьпіс-2021 з той ці іншай прычыны.
Раней экспэрты вызначылі кароткі сьпіс у намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленьне» за 2022 год. У яго ўвайшлі:
- Лілія Бусарава — Эдзі Aгняцьвет. Мой рыжы Бім: вершы — Мінск: Маст. літ., 2022
- Раман Гарошка — Андрэй Скурко. Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў — Мінск: Тэхналогія, 2022
- Міхаіл Дайлідаў — Мікола Мятліцкі. Сарока з праспэкта — Мінск: Маст. літ., 2022
- Вольга Дзятко — Самы смачны яблык (Л. Арабей, Б. Сачанка і інш.) — Мінск: Мастацкая літаратура, 2022
- Лізавета Лянкевіч — Янка Маўр. Палескія рабінзоны — Мінск: Папуры, 2021
- Сьвятлана Міхалап — Надзея Ясьмінска. Кусь-Кусяндра — Мінск: Кнігазбор, 2022
- Кацярына Раюнец — Надзея Кім. Кразі — чырвоны кракадзільчык — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2022
- Сьвета Тата — Сьвета Тата. Ева намалявала Цмока — Мінск: Папуры, 2022
- Дар’я Чарняўская — Маргарыта Латышкевіч. Муры, Том і дырыжаблік — Мінск: Звязда, 2022
- vera.bei — Юры Несьцярэнка. Неверагодны сьвет: дзіцячыя загадкі-рыфмаванкі на беларускай мове — Мінск: Тэхналогія, 2022
Агулам у поўным сьпісе ў намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленьне» было 23 пазыцыі.
Прэмія імя Цёткі
Прэмія Цёткі ўручаецца з 2016 году. За гэты час ляўрэатамі прэміі былі Надзея Ясьмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай «Сем ружаў», Уладзімер Арлоў і Павал Татарнікаў з кнігай «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі», Валеры Гапееў з кнігай «Мая мілая ведзьма» і Лізавета Лянкевіч з ілюстрацыямі да кнігі Рыгора Барадуліна «Азбука. Вясёлы вулей», Вера Бурлак з кнігай вершаў «Фантазюркі» і Кацярына Дубовік з ілюстрацыямі да кнігі Надзеі Ясьмінскай «Чаму Меша ня мае хаты».
У 2021 годзе «Найлепшай кнігай для дзяцей і падлеткаў» стала кніга Вольгі Гапеевай «Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі» (выдавецтва «Галіяфы»), у намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленьне» перамогу атрымаў Валер Славук, які аздобіў збор чарадзейных казак «Вядзьмар, які рабіўся ваўком» (выдавецтва «Янушкевіч»).
Сёлета праўладны «Саюз пісьменьнікаў Беларусі» выступіў супраць прэміі
У заяве праўладнай арганізацыі адзначаецца, што ў «Саюз пісьменьнікаў Беларусі» нібыта «паступілі звароты», у якіх дзяржаўныя выдавецтвы «Мастацкая літаратура», «Беларусь» і «Выдавецкі дом «Звязда» «засьведчылі, што бязь іх дазволу і ўдзелу» ў шорт-лісьце прэміі Цёткі зьявіліся выдадзеныя імі кнігі. На думку праўладнай арганізацыі, сапраўдная мэта прэміі — «дыскрэдытаваць дзяржаўныя выдавецтвы, іх аўтараў — сяброў Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, кнігі якіх намінаваныя без узгадненьня зь імі».
Праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі сьцьвярджае, што прэмія «ня мае ніякага дачыненьня да беларускай дзяржавы, ні да Саюза пісьменьнікаў Беларусі», а ўсе тры арганізацыі, якія зьяўляюцца заснавальнікамі конкурсу, «ліквідаваныя ў судовым парадку ў 2022 годзе і спынілі сваё існаваньне».
Заснавальнікі прэміі — недзяржаўны «Саюз беларускіх пісьменьнікаў», дабрачынны фонд «Вяртаньне» і Беларускі ПЭН-цэнтар — ліквідаваныя разам зь яшчэ больш як 1,5 тыс. некамэрцыйных арганізацый, якія рэжым Лукашэнкі ліквідаваў за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца 2023-га ў Беларусі.