Аб гэтым ён сказаў на прэс-канфэрэнцыі ўвечары ў чацьвер 18 студзеня, перадае Бі-бі-сі.
ЗША, як і некатррыя іншыя краіны сьвету, падтрымліваюць ідэю стварэньня Палестынскай дзяржавы, якая гарантавала б бясьпеку Ізраілю. Гэта прадугледжана рэзалюцыямі ААН. Як правіла, меркаванай будучай тэрыторыяй гэтай дзяржавы называюць Заходні бераг ракі Ярдан і сэктар Газа, а таксама Ўсходні Ерусалім.
Сэктар Газа больш за 15 гадоў быў пад кантролем радыкальнай групоўкі ХАМАС (прызнана тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ), зь якой Ізраіль цяпер вядзе вайну. Заходні бераг часткова пад кіраваньнем прызнанай як Ізраілем, так і міжнароднай супольнасьцю Палестынскай аўтаноміі, часткова — ізраільскай адміністрацыі.
Ерусалім Ізраіль лічыць сваёй непадзельнай сталіцай.
Па словах Нэтаньягу, нават у выпадку поўнай перамогі над ХАМАС Ізраіль павінен будзе захоўваць кантроль над сэктарам Газа і Заходнім берагам у мэтах бясьпекі, а гэта «супярэчыць ідэі палестынскага сувэрэнітэту».
«Што рабіць? Я сказаў пра гэта амэрыканскім сябрам, і таксама спыніў спробы прымусіць нас прыняць рэаліі, якія пашкодзяць нашай бясьпецы», — сказаў ізраільскі прэмʼер.
Бі-бі-сі адзначае, што міжнародны ціск на Ізраіль з мэтай пошукаў шляхоў вырашэньня палестынскай праблемы пасьля завяршэньня вайны ў Газе расьце. Прадстаўнікі шэрагу краін Захаду адзначалі, што падтрымліваюць пазбаўленьне ХАМАС кантролю над Газай, але супраць таго, каб кантроль перайшоў да Ізраілю на няпэўны тэрмін.
ЗША выступалі за тое, каб Газай кіравала «абноўленая палестынская адміністрацыя», што магло б стаць крокам да стварэньня Палестынскай дзяржавы.
Дарадца ў нацыянальнай бясьпецы ЗША Джон Кірбі, камэнтуючы словы Нэтаньягу, адзначыў, што ў ЗША і Ізраіля «зусім відавочна» ёсьць рознагалосьсі.
Вайна ў сэктары Газа працягваецца з 7 кастрычніка, калі ХАМАС напаў на Ізраіль, забіўшы больш за 1000 чалавек і захапіўшы больш за 200 у закладнікі (каля 130 усё яшчэ ўтрымліваюцца ў закладніках). У выніку ўдараў у адказ Ізраілю па сэктары Газа і наземнай апэрацыі было забіта, паводле апошніх зьвестак палестынскага боку, больш за 23 тысячы чалавек.
Многія краіны сьвету асудзілі Ізраіль, абвінаваціўшы яго ў невыбіральным прымяненьні сілы. ЗША падкрэсьліваюць права Ізраіля на самаабарону, заклікаючы пры гэтым да асьцярожнасьці і прапарцыйнасьці пры вядзеньні баявых дзеяньняў.
У апошні час у самім Ізраілі ўсё часьцей гучыць крытыка ў адрас Нэтаньягу, якога вінавацяць у адсутнасьці стратэгіі вызваленьня закладнікаў і рэалістычных плянаў пасьляваеннага ўладкаваньня Газы.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.