Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль заявіў пра перамогу над ХАМАС на поўначы сэктару Газа


Ізраільскія вайскоўцы ў Газе
Ізраільскія вайскоўцы ў Газе

У ЦАХАЛ заявілі аб завяршэньні буйных баявых дзеяньняў на поўначы Газы. Вайна ўступае ў чацьверты месяц.

Ізраільскія вайскоўцы паведамілі аб завяршэньні буйных баявых дзеяньняў на поўначы Газы, заявіўшы, што завяршылі дэмантаж там вайсковай інфраструктуры ХАМАС, інфармуе АР.

Вайскоўцы не разглядалі працяг разгортваньня войскаў на поўначы Газы. Прэс-сакратар, контр-адмірал Даніэль Хагары, заявіў, што вайскоўцы будуць «працягваць паглыбляць дасягненьні», умацоўваць абарону ўздоўж плоту на мяжы паміж Ізраілем і Газай і засяродзяць увагу на цэнтральнай і паўднёвай частках тэрыторыі.

Аб’ява прагучала напярэдадні візыту ў Ізраіль дзяржаўнага сакратара ЗША Энтані Блінкена. Прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, у тым ліку Блінкен, неаднаразова заклікалі Ізраіль спыніць паветраны і наземны наступ у Газе і перайсьці да больш мэтанакіраваных нападаў на лідэраў ХАМАС, каб прадухіліць шкоду палестынскім мірным жыхарам.

У апошнія тыдні Ізраіль ужо згортваў ваенныя наступы на поўначы Газы і працягваў наступ на поўдзень тэрыторыі, дзе большасьць з 2,3 мільёна жыхароў Газы сыходзіць у меншыя раёны ў той час як тэрыторыю абстрэльваюць ізраільскія авіяўдары.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу настойваў на тым, што вайна ня скончыцца, пакуль ня будуць дасягнуты мэты ліквідацыі ХАМАС, вяртаньня ізраільскіх закладнікаў і забесьпячэньня таго, каб Газа не была пагрозай для Ізраілю.

Паводле зьвестак міністэрства аховы здароўя Газы, у выніку ізраільскіх атак з паветра, зямлі і мора, загінулі больш за 22 700 палестынцаў і больш за 58 000 атрымалі раненьні. Падлік загінулых у палестынцаў пры гэтым не адрозьнівае ўдзельнікаў баявых дзеяньняў ад мірных жыхароў. Прадстаўнікі аховы здароўя кажуць, што каля дзьвюх трацін загінулых былі жанчыны і непаўналетнія.

Ізраіль вінаваціць ХАМАС у вялікіх ахвярах сярод мірнага насельніцтва, бо групоўка дзейнічае ў густанаселеных жылых раёнах і выкарыстоўвае цывільныя аб'екты.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG