Урад вызначыў, якім будзе збор за ўезд і разьмяшчэньне на працягу першага дня ў спэцыяльна вызначаным месцы для перачэпліваньня аднаго грузавога аўтамабіля або цягача.
У пастанове ўраду прапісана, што тарыф на паслугу на працягу першых сутак для аднаго транспартнага сродку вызначаны ў памеры трох базавых велічынь, уключаючы падатак на даданую вартасьць.
Зараз тры базавыя велічыні — гэта 120 рублёў.
Як сказана ў пастанове Мытнага камітэту, якая выйшла паралельна, Берасьцейская, Віцебская і Горадзенская рэгіянальныя мытні будуць рэгістраваць разьлік збору за гэтыя паслугі.
Абодва дакумэнты запрацуюць з 22 студзеня.
Пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам у красавіку 2022 года санкцый у дачыненьні да беларускіх і расейскіх грузаперавозчыкаў Менск прыняў контрсанкцыі, згодна з якімі зарэгістраваныя ў ЭЗ перавозчыкі могуць праехаць у Беларусь толькі праз пэўныя пункты пропуску да спэцыяльных месцаў, дзе будзе праводзіцца перачэпка грузаў да беларускіх аўтамабіляў.
У лютым 2023-га, пасьля закрыцьця польскім бокам аўтадарожнага пункта пропуску «Баброўнікі» (сумежны беларускі – «Бераставіца»), прэм'ер-міністар Раман Галоўчанка падпісаў пастанову, згодна зь якой рух зарэгістраваных у Польшчы грузавікоў і цягачоў, грузавыя апэрацыі і перачэпка дазволены толькі на польска-беларускай мяжы.