Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Башкартастане засудзілі актывіста, працэс над якім выклікаў шматысячныя мітынгі і сутыкненьні з паліцыяй


Пратэст каля суду ў Башкартастане
Пратэст каля суду ў Башкартастане

Актывіста Фаіля Алсынава прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 282 КК Расеі («Узбуджэньне нянавісьці або варожасьці).

Суд Баймацкага раёну Башкартастану Эліна Тагірава пакараў экс-старшыню забароненай у Расеі арганізацыі «Башкорт» Фаіля Алсынава 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Алсынаў не чакаў такога, яго ўзялі пад варту ў залі суду.

Актывіста прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 282 КК РФ («Узбуджэнне нянавісьці або варожасьці, а роўна прыніжэньне чалавечай годнасьці»).

Абарона актывіста выказвала недавер «ўсёй судовай сыстэме» Башкартастану і патрабавала перанесьці разгляд справы ў іншы рэгіён.

У Баймаку пасьля абвяшчэньня прысуду актывісту Фаілю Алсынаву пачаліся сутыкненьні з паліцыяй.

17 студзеня падтрымаць актывіста да суду прыйшло некалькі тысяч чалавек. Пад'езды да будынка суду былі перакрыты сілавікамі, людзям даводзілася кідаць свае аўтамабілі і ісьці пешшу. Акрамя таго, у Баймаку практычна цалкам заглушылі інтэрнэт.

Пасля абвяшчэньня прысуду супрацоўнікі паліцыі пачалі адціскаць людзей. Першымі аб затрыманьнях каля будынка суду ў Баймаку паведаміў Telegram-канал «Говорит НеМосква». Па іх зьвестках, на той момант затрымалі 4-5 чалавек. Выданьне таксама ўдакладніла, што перад затрыманьнямі пачалася бойка. Людзі пачалі адціскаць заслон з супрацоўнікаў паліцыі са шчытамі. Пазьней стала вядома пра некалькі дзясяткаў затрыманых.

Днём раней 16 студзеня жыхары гораду Баймак у Башкартастане правялі масавы мітынг, на якім патрабавалі адстаўкі кіраўніка рэспублікі Радыя Хабірава.

Заклікі гучалі каля Баймацкага раённага суду, дзе разглядалася справа Фаіля Алсынава. Сюды прыйшлі тысячы людзей, паведамляла башкірская служба Радыё Свабода.

Удзельнікі стыхійнай акцыі таксама запісалі зварот да прэзыдэнта Расеі Пуціна, у якім запатрабавалі адстаўкі кіраўніка Рэспублікі Башкартастан Радыя Хабірава.

  • Алсынава абвінавачваюць ва ўзбуджэньні нянавісьці ці варожасьці. Па вэрсіі сьледзтва, ён нібыта «выступіў з прамовай на башкірскай мове, якая зьмяшчае выказваньні, у якіх нэгатыўна ацэньваюцца групы асоб».
  • Крымінальную справу супраць актывіста завялі на просьбу кіраўніка Башкартастану Радыя Хабірава. Кіраўнік рэгіёну запатрабаваў прыцягнуць Алсынава да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці па абвінавачаньні ў «распальваньні міжнацыянальнай варожасьці», у «закліках да антыдзяржаўных выступленьняў» і «да ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці», а таксама за «дыскрэдытацыю Ўзброеных сіл Расеі».
  • Алсынаў раней узначальваў арганізацыю «Башкорт», якую ў 2020 годзе прызналі экстрэмісцкай і забаранілі яе дзейнасьць у Расеі.
  • Максымальнае пакараньне ў інкрымінаваным Алсынаву артыкуле — 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG