Кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што сьпявачка Мэрыем Герасіменка пасьпяхова эвакуаваная зь Беларусі і знаходзіцца ў бясьпецы.
«Гэта была вельмі працяглая па часе, цікавая і няпростая апэрацыя, і я рады, што пасьпяховая», — напісаў Андрэй Стрыжак.
У студзені 2023 году сьпявачку асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за тое, што ў менскім бары «Банки-бутылки» падчас свайго канцэрту яна выканала песьню ўкраінскага гурту «Океан Ельзи» «Обійми». Улады не прабачылі гэты антываенны дэмарш.
Сёньня на сваёй старонцы ў Інстаграме сьпявачка напісала:
«Калі б у мяне спыталі: „Што для цябе шчасьце?“, я б з упэўненасьцю сказала — свабода! Свабода перамяшчэньня, свабода думак, свабода займацца тым, што любіш і чым гарыш. Свабода — гэта самае галоўнае для мяне.
Сёньня я прачнулася шчасьлівай... Я пакінула Беларусь! Гэтай падзеі наканавана было адбыцца... Самае галоўнае, я хачу каб вы ведалі, мае дарагія, цяпер я абсалютна шчасьлівая, а шчасьлівая, таму што цалкам вольная і працягваю свой яркі шлях».
Мэрыем Герасіменка падзякавала фонду BySol і асабіста Андрэю Стрыжаку за дапамогу.
Паводле «Нашай Нівы», Беларусь таксама пакінулі ўладальнік бару «Банки-бутылки» і ягоная жонка. Андрэй і Марыя Жук цяпер знаходзяцца ў Варшаве.
- Мэрыем Герасіменка — беларуская сьпявачка, якую затрымалі пасьля канцэрту ў менскім бары «Банки-бутылки» на вуліцы Зыбіцкай на пачатку жніўня 2022 году. На канцэрце Мэрыем Гера (творчы псэўданім) сьпявала песьню вядомага ўкраінскага гурту «Океан Ельзи» «Обійми».
- Пасьля затрыманьня сьпявачку двойчы асудзілі на 15 дзён паводле адміністрацыйнага артыкула, а затым перазатрымалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушылі грамадзкі парадак).
- Судзіла палітзьняволеную Вікторыя Шабуня, якая раней неаднаразова выносіла палітычна матываваныя выракі.
- Папярэдняе зьняволеньне Герасіменка адбывала ў СІЗА-1 у Менску. 23 студзеня ёй споўніцца 30 гадоў.