Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што пасьля эскаляцыі сытуацыі на Блізкім Усходзе зьявілася пагроза выкарыстаньня ядзернай зброі


Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Тэлеграм-канал «Пул первого» апублікаваў фрагмэнт адпаведнага відэазапісу і паведаміў, што на пасяджэньні разглядаюць праекты Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі і Ваеннай дактрыны Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка ўпершыню пасьля свайго падтрыманьня вайны ва Ўкраіне выказаў шкадаваньне, што ваенная сіла стала галоўным аргумэнтам у міждзяржаўных дачыненьнях.

«Паглядзіце, што адбываецца на Блізкім Усходзе. Гэта найстрашэнная гуманітарная катастрофа. Зьвярніце ўвагу, што пагрозы выкарыстаньня ядзернай зброі загучалі практычна адразу пасьля эскаляцыі канфлікту. І, як гэта звычайна бывае, з боку цывілізаванага Захаду ніякіх санкцый ня выклікала. Дзяжурная заява, нібыта нічога не адбылося. На жаль, мы вярнуліся ў часы, калі ваенная сіла стала галоўным аргумэнтам пры будаўніцтве міждзяржаўных дачыненьняў», — заявіў Лукашэнка на пасяджэньні Савету бясьпекі.

Тэлеграм-канал «Пул первого» апублікаваў фрагмэнт адпаведнага відэазапісу і паведаміў, што на пасяджэньні разглядаюць праекты Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі і Ваеннай дактрыны Беларусі.

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў, што Ваенная дактрына будзе ўтрымліваць разьдзел, у якім дакладна прапісаныя абавязкі Беларусі перад Расеяй, як саюзнай дзяржавай, а таксама пазыцыя Беларусі наконт выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброяй, што ўжо разьмясьцілі на беларускай тэрыторыі.

Як паведаміла агенцтва Associated Press, Ваенную дактрыну зацьвердзяць на Ўсебеларускім народным сходзе.

Эскаляцыя сытуацыі на Блізкім Усходзе пачалася з нападу 7 кастрычніка 2023 году баевікоў ХАМАС на поўдзень Ізраілю. Тады загінулі каля 1200 ізраільцян, пераважна цывільных жыхароў, а больш за 200 трапілі ў закладнікі.

Аб магчымасьці выкарыстаньня ядзернай зброі цягам усяго 2022 году заяўлялі кіраўнікі Расеі і Беларусі. Прычым гэтыя заявы рабілі ў кантэксьце Беларусі і прычынай выкарыстаньня зброі масавага паражэньня называлі «правакацыі NATO» на мяжы зь Беларусьсю.

25 сакавіка 2023 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

6 ліпеня 2023 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ўжо ў Беларусі і перамяшчалі яе «не па зямлі». «Не хвалюйцеся наконт выкарыстаньня. Мы не зьбіраемся атакаваць нікога пры дапамозе ядзернай зброі. Вы нас не чапайце. І забудзьцеся пра ядзерную зброю. Але калі вы ўчыніце агрэсію, адказ будзе імгненны. Цэлі вызначаныя», — сказаў ён.

Апроч таго, Аляксандар Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG