Гэта быў адзіны ў гісторыі незалежнай Беларусі візыт прэзыдэнта ЗША. Сымбалічна, што амэрыканскі лідэр пакінуў па сабе менавіта такі знак — «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці».
Візыт Клінтана быў кароткі, усяго дзень, але прэзыдэнт знайшоў час пабываць у Курапатах, дзе ўсклаў кветкі да Крыжа пакутаў, усталяванага ў памяць дзясяткаў тысяч ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Тут жа Біл Клінтан урачыста адкрыў мэмарыяльны знак. Гранітную лаву прывезьлі з Штатаў літаральна за дзень да візыту Клінтана і ўсталявалі ў Курапатах у ноч на 15 студзеня.
Чаму менавіта лава? У амэрыканцаў ёсьць традыцыя — калі чалавека ня стала, то ў памяць аб ім часта ставяць лаву. Такія лавы з імёнамі памерлых можна пабачыць у розных амэрыканскіх парках.
30-гадовая гісторыя «лавы Клінтана» сьведчыць пра стаўленьне ўладаў Беларусі як да памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, так і да амэрыканскай дзяржавы.
«Лаву Клінтана» больш за 20 разоў апаганьвалі невядомыя вандалы. Іх ніколі не знаходзілі. Але гэта гісторыя ня толькі вандалізму, але і ўшанаваньня, бо кожны раз людзі са сваёй ініцыятывы аднаўлялі падарунак амэрыканскага прэзыдэнта.
У 2001 годзе гарызантальную гранітную пліту лавы раскалолі невядомыя вандалы. Пазьней пліту склеілі, і на месцы расколу ўсталявалі мэталічны вянок. Гэты вянок таксама пазьней быў скрадзены.
У 2002 годзе адноўлены знак урачыста адкрылі з удзелам тагачаснага амбасадара ЗША Майкла Козака. Гэта адбывалася падчас 8-месячнай кругласутачнай вахты памяці ў Курапатах падчас будаўніцтва менскай кальцавой дарогі.
«Хаця Беларусь больш за іншыя краіны пакутавала ад замежных захопнікаў і катастрафічных катаклізмаў, тыя, хто тут пахаваны, не былі ахвярамі падобных пакутаў. Калі дакладней, яны былі ахвярамі ўраду», — казаў тады амэрыканскі амбасадар Майкл Козак.
У 2005 годзе невядомыя вандалы павалілі на зямлю амэрыканскі мэмарыяльны знак, а празь некалькі дзён пасьля таго, як лаву паставілі на месца, на яе была нанесеная чырвоная фарба. Тады ж свастыка і зьневажальныя надпісы зьявіліся і на іншых курапацкіх знаках. Па факце вандалізму ў Курапатах завялі крымінальную справу. Вінаватых не знайшлі.
У 2007 годзе пасьля чарговага выпадку вандалізму лаву аднавілі скульптар Алесь Шатэрнік, актывісты КХП БНФ і іншыя валянтэры. Зрабілі цэмэнтны фундамэнт, каб лаву было цяжка пашкодзіць.
Разьбіць «лаву Клінтана» чарговым разам паспрабавалі ў сьнежні 2018 году. Тады абаронцы Курапатаў спынілі вандала, які прыйшоў на тэрыторыю мэмарыялу з кувалдай і сякерай, каб зламаць «лаву Клінтана».
У лютым 2019 году невядомыя вандалы двойчы апаганілі «лаву Клінтана». Як палічылі валянтэры, яе разьбілі на 14 кавалкаў. Сьледчы камітэт завёў чарговую крымінальную справу. Вінаватых зноў не знайшлі.
З таго часу мэмарыял так і не аднавілі. У 2021 годзе вандалы расьпісалі цэмэнтны пастамэнт «Лавы Клінтана» словамі непрыстойнага зьместу.
Аляксандар Лукашэнка за амаль трыццаць гадоў прэзыдэнцтва не наведаў Курапаты. Але выказваўся:
«Ах, Клінтан прыляцеў, пасядзеў на лаўцы, лаўку, як сьвятыню, пакінула наша апазыцыя. Хтосьці разбурыў яе. Я ўжо сказаў, неадкладна аднавіце, бо будуць вінаваціць, што гэта „ўлады ўсё зрабілі“. Ня маюць улады да гэтага ніякага дачыненьня. Гэта глупства. Ну прыехаў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі тады, калі краіна яшчэ незразумела якім шляхам пойдзе. Ясна, чаго прыехаў, але гэта прэзыдэнт вялікай краіны, тым больш мой харошы... амаль сябар. Мы зь ім у вельмі добрых адносінах да гэтага часу. Каб вы ведалі. Нават з асабістых нашых адносін я б сабе гэтага не дазволіў».
Дзясяткі разоў да лавы ўскладалі кветкі амбасадары ЗША і краінаў Эўразьвязу. Сотні разоў побач зь ёю запальвалі сьвечкі людзі, якія прыходзілі ў Курапаты ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Штогод каля яе жанчыны высаджвалі белыя і чырвоныя кветкі... Каля лавы ладзілі экскурсіі, да яе прыяжджалі вядомыя людзі з розных краінаў сьвету.
Мы ня можам сказаць, дзе цяпер знаходзяцца кавалкі разьбітай «лавы Клінтана». Але дакладна можна сказаць, што гісторыя «лавы Клінтана», сымбалічнага падарунку прэзыдэнта ЗША народу Беларусі, не завершаная.